Савецкі раённы суд гораду Казані ў Расеі 1 лютага працягнуў арышт журналісткі татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашавай да 5 красавіка.
Паседжаньне прайшло ў закрытым рэжыме – прэсу дапусьцілі толькі на абвяшчэньне рашэньня, а іншых прысутных і зусім адмовіліся пусьціць у залю. У судзе былі прадстаўнікі амбасадаў Аўстрыі, Чэхіі і Нідэрляндаў.
Адвакат Алсу Курмашавай настойваў на зьмене меры стрыманьня на хатні арышт, аднак суд у гэтым адмовіў.
Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Стывэн Капус пасьля паседжаньня суду заявіў, што «Алсу Курмашава і яе сямʼя заслугоўваюць быць разам».
«Гэта балюча для амэрыканскай журналісткі Алсу Курмашавай і яе сямʼі – яны заслугоўваюць быць разам. Алсу сядзіць у расейскай турме чацьвёрты месяц. Відавочна, што яе ўтрымліваюць незаконна, таму што яна амэрыканка і журналістка, якая адважваецца выконваць сваю працу – дзьве рэчы, невыносныя для Масквы».
Рэакцыя ў ЗША
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заявіў, што ўдзяляе «вялікую ўвагу» справе Алсу Курмашавай. Пра гэта 18 студзеня заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Мэт’ю Мілер. Замежнапалітычнае ведамства да гэтага часу не прызнала журналістку неправамерна затрыманай — па словах Мілера, гэта не азначае, што такія намаганьні не прыкладаюцца.
«Тое, што мы да гэтага часу не прынялі афіцыйнага рашэньня аб „неправамерным зьняволеньні“, ня сьведчыць аб працы, якую мы сапраўды выконваем або аб [нашых намерах на] будучыню», — удакладніў Мэт’ю Мілер, адказваючы на пытаньне журналіста Алекса Раўфоглу.
21 студзеня на Таймс-сквэр у Нью-Ёрку ў рамках праекту «Код 58» паказалі партрэты расейскіх палітычных зьняволеных, у тым ліку Алсу Курмашавай.
Інсталяцыя была прымеркавана да гадавіны трохгадовага пазбаўленьня волі Аляксея Навальнага.
Хто такая Алсу Курмашава
- У Алсу Курмашавай двайное грамадзянства: ЗША і Расеі. Да арышту яна жыла ў Празе са сваім мужам і дзецьмі. У сярэдзіне траўня 2023 году журналістка прыехала ў Казань па сямейных абставінах.
- У чэрвені, перад вылетам дадому, журналістку затрымалі і канфіскавалі абодва яе пашпарты. Пазьней супраць яе распачалі крымінальную справу аб непаведамленьні аб другім грамадзянстве і ўзялі падпіску аб нявыезьдзе.
- Вінаватай суд прызнаў яе толькі ў кастрычніку, прызначыўшы штраф у 10 тысяч рублёў. Неўзабаве Курмашаву арыштавалі па другой крымінальнай справе — аб іншаземных агентах.
- Пасьля заключэньня Курмашавай пад варту выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэфры Гедмін заявіў, што «глыбока расчараваны» рашэньнем суду: «Мы заклікаем да неадкладнага вызваленьня Алсу, каб яна магла ўзьяднацца са сваёй сям’ёй».
- Затрыманьне журналісткі асудзілі ўлады ЗША, Канады, Чэхіі, Францыі, Польшчы і Швэцыі, а таксама Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі, кіраўнік Эўрапейскага парлямэнту, Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) і Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека.
- Плятформа Рады Эўропы па садзейнічаньні абароне журналістыкі і бясьпецы журналістаў апублікавала заклік вызваліць Курмашаву.
- На сёньня Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла ў сьпіс «іншаземных агентаў» больш за 30 супрацоўнікаў Радыё Свабода.