Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз заклікаў вызваліць журналістку Радыё Свабода Алсу Курмашаву


Алсу Курмашава падвс судовых слуханьняў у Казані.
Алсу Курмашава падвс судовых слуханьняў у Казані.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль заклікаў расейскія ўлады неадкладна вызваліць журналістку Радыё Свабода Алсу Курмашаву.

«ЭЗ заклікае расейскія ўлады неадкладна вызваліць журналістку Алсу Курмашаву, якой пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі за журналісцкую дзейнасьць. Расейскія ўлады павінны гарантаваць бясьпеку журналістаў і іх права на свабоду слова, а таксама спыніць іх перасьлед», — напісаў Бурэль у сацсетцы X.

Журналістка Татара-Башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашава знаходзіцца ў СІЗА з канца кастрычніка па абвінавачаньні ў парушэньні заканадаўства аб так званых іншаземных агентах. Сьледзтва лічыць, што журналістка павінна была сама падаць дакумэнты для ўключэньня яе ў рэестар агентаў. Гэта першая крымінальная справа па гэтым артыкуле ў Расеі, якую распачалі супраць журналіста. Курмашава віны не прызнае.

12 сьнежня стала вядома, што супраць Курмашавай распачалі яшчэ адну крымінальную справу — па артыкуле аб фэйках пра расейскае войска. Падставай да завядзеньня справы стала кніга «Не вайне. 40 гісторый расейцаў, якія выступаюць супраць уварваньня ва Ўкраіну», выдадзеная Татара-Башкірскай службай Радыё Свабода ў лістападзе летась. У кнігу ўключаныя апавяданьні жыхароў Паволжа. Зборнік падрыхтаваны на аснове інтэрвію, якія выходзілі на сайце «Idel. Рэаліі» з сакавіка па жнівень 2022 году. Па вэрсіі сьледзтва, Алсу Курмашава мае дачыненьне да распаўсюджваньня кнігі.

Гэта другая крымінальная справа ў дачыненьні да Курмашавай. У кастрычніку суд у Казані прызнаў яе вінаватай у непаведамленьні аб другім грамадзянстве і прыгаварыў да штрафу ў дзесяць тысяч рублёў.

Праваабаронцы заклікаюць расейскія ўлады спыніць крымінальны перасьлед журналісткі, а яе саму — вызваліць. Праваабарончы праект «Падтрымка палітвязьняў. Мэмарыял» прызнаў Курмашаву палітычнай зьняволенай.

  • У Курмашавай падвойнае грамадзянства: ЗША і Расеі. Да арышту яна жыла ў Празе са сваім мужам і дзецьмі. У сярэдзіне траўня 2023 году журналістка прыехала ў Казань па сямейных абставінах.
  • У чэрвені, перад вылетам дадому, журналістку затрымалі і канфіскавалі абодва яе пашпарты. Пазьней супраць яе распачалі крымінальную справу аб непаведамленьні аб другім грамадзянстве і ўзялі падпіску аб нявыезьдзе. Вінаватай суд прызнаў яе толькі ў кастрычніку, прызначыўшы штраф у 10 тысяч рублёў. Неўзабаве Курмашаву арыштавалі па другой крымінальнай справе — аб іншаземных агентах.
  • Пасьля заключэньня Курмашавай пад варту выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэфры Гедмін заявіў, што «глыбока расчараваны» рашэньнем суду: «Мы заклікаем да неадкладнага вызваленьня Алсу, каб яна магла ўзьяднацца са сваёй сям’ёй».
  • Затрыманьне журналісткі асудзілі ўлады ЗША, Канады, Чэхіі, Францыі, Польшчы і Швэцыі, а таксама Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі, кіраўнік Эўрапейскага парлямэнту, Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) і Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека. Плятформа Рады Эўропы па садзейнічаньні абароне журналістыкі і бясьпецы журналістаў апублікавала заклік вызваліць Курмашаву.
  • На сёньня Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла ў сьпіс «іншаземных агентаў» больш за 30 супрацоўнікаў Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG