Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода Стывэн Капус 25 студзеня запатрабаваў вызваліць журналістку Алсу Курмашаву і падкрэсьліў, што «нават адзін дзень несправядлівага зьняволеньня за кратамі — гэта трагедыя, але несправядліва ўтрымліваць грамадзянку ЗША ў расейскай турме на працягу 100 дзён».
«Гэта проста абуральна. Алсу — жонка, маці і любімая супрацоўніца нашай арганізацыі. Расея павінна неадкладна яе вызваліць. Мы спадзяемся, што Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША хутка прызнае Алсу „несправядліва затрыманай“ », — зазначыў Капус.
З нагоды 100 дзён ад зьняволеньня Алсу Курмашавай Idel.Реалии на аснове лістоў расказваюць, як яна правяла апошнія дні перад сьвятамі і першыя дні 2024 году ў казанскім СІЗА. Арыгінал публікацыі на сайце Idel.Реалии.
«Адчыніце дзьверы для сябе і іншых»
«Сёньня роўна тры месяцы. Зьмянілася ўсё. Зьмянілася я, зьмяніліся вы, зьмяніліся вашыя лісты. Пасьля працяглага перапынку я атрымала дзясяткі лістоў, якія вы напісалі падчас сьвят. Яны такія ўсьвядомленыя, вы даверылі мне свае страхі, вы вырашылі не праігнараваць, а падзяліцца са мной, пакуль астатнія даядалі аліўе. Гэта бясцэнна», — піша Алсу ў сваім лісьце ад 18 студзеня.
У гэты дзень споўнілася тры месяцы з моманту ўзяцьця пад варту Алсу Курмашавай, а 25 студзеня — роўна 100 дзён, як яна знаходзіцца за кратамі.
18 студзеня Алсу напісала ліст пра свае пачуцьці, а таксама пра тое, ці шкадуе яна аб сваёй паездцы ў Казань у траўні 2023 году.
«Вы захапляецеся маёй сьмеласьцю, што я прыехала да сябе дадому (!) у „такі час“. Але мы жывем цяпер — і „іншага“ часу ў нас ня будзе. „Час“, вядома, будзе, але можа ня быць кагосьці з блізкіх, каму патрэбна дапамога сёньня. Мне ніхто ня верне тры месяцы майго жыцьця, якія я правяла ня там, дзе павінна была б. Я адказная за сваю сям’ю. За малалетніх дзяцей, за састарэлую маці. У маім жыцьці і ў вашым больш ня будзе такога дня, як 18 студзеня 2024 году. Што мы зрабілі сёньня? Каму адчынілі дзьверы? Бо заўтра ўжо будзе заўтра і ўсё будзе па-іншаму».
«Умовы два тыдні былі нечалавечыя (блізкія і сябры ведаюць, што Алсу на час зьмяшчалі ў камэру, дзе не было стала, лядоўні і іншых „выгод“, нават апісаць не магу. Цяпер крыху лепш. Дзіўна, як у нармальным жыцьці чалавек пры першых жа прыкметах інфэкцыі ці прастуды пачынае піць шмат усяго, прамываць усё што можна і ўвогуле. А тут нічога няма — і вылечваесься цудам. Хварэюць усе, і гэта зусім нікога не цікавіць», — напісала Алсу 5 студзеня.
Алсу пісала, што сярод іншага атрымлівае шмат лістоў і паштовак з Прагі, Парыжа, Аўстрыі, Нямеччыны і ЗША. «Гэта ўсё так міла. Неяк нават неверагодна. Усё ішло амаль месяц, але дайшло!» — адзначыла яна.
13 студзеня Алсу напісала, што да яе дайшло некалькі лістоў ад блізкіх.
«Значыць, паток лістоў больш-менш наладжваецца. Мне было вельмі цяжка бязь іх. Насамрэч усё становіцца павольна, але стабільна невыносней. Адкуль бяру сілы? Імкнуся не марнаваць».
Рэакцыя ў ЗША
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўдзяляе «вялікую ўвагу» справе Алсу Курмашавай. Пра гэта 18 студзеня заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Мэт’ю Мілер. Замежнапалітычнае ведамства да гэтага часу не прызнала журналістку неправамерна затрыманай — па словах Мілера, гэта не азначае, што такія намаганьні не прыкладаюцца.
«Тое, што мы да гэтага часу не прынялі афіцыйнага рашэньня аб „неправамерным зьняволеньні“, ня сьведчыць аб працы, якую мы сапраўды выконваем або аб [нашых намерах на] будучыню», — удакладніў Мэт’ю Мілер, адказваючы на пытаньне журналіста Алекса Раўфоглу.
Мілер запэўніў:
«Мы ўвесь час зьбіраем інфармацыю, ацэньваем факты, ацэньваем заканадаўства, якое накіроўвае нас, у канчатковым рахунку, да правільнага рашэньня».
Празь некалькі дзён пасьля заявы Мілера — 21 студзеня — на Таймс-сквэр у Нью-Ёрку ў рамках праекту «Код 58» паказалі партрэты расейскіх палітычных зьняволеных, у тым ліку Алсу Курмашавай.
Інсталяцыя была прымеркавана да гадавіны трохгадовага пазбаўленьня волі Аляксея Навальнага.
У сваю чаргу ў Рыме ў той жа дзень з плякатам у падтрымку Алсу выйшаў журналіст-расьсьледнік Сяргей Яжоў.
Хто такая Алсу Курмашава
- У Алсу Курмашавай двайное грамадзянства: ЗША і Расеі. Да арышту яна жыла ў Празе са сваім мужам і дзецьмі. У сярэдзіне траўня 2023 году журналістка прыехала ў Казань па сямейных абставінах.
- У чэрвені, перад вылетам дадому, журналістку затрымалі і канфіскавалі абодва яе пашпарты. Пазьней супраць яе распачалі крымінальную справу аб непаведамленьні аб другім грамадзянстве і ўзялі падпіску аб нявыезьдзе.
- Вінаватай суд прызнаў яе толькі ў кастрычніку, прызначыўшы штраф у 10 тысяч рублёў. Неўзабаве Курмашаву арыштавалі па другой крымінальнай справе — аб іншаземных агентах.
- Пасьля заключэньня Курмашавай пад варту выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэфры Гедмін заявіў, што «глыбока расчараваны» рашэньнем суду: «Мы заклікаем да неадкладнага вызваленьня Алсу, каб яна магла ўзьяднацца са сваёй сям’ёй».
- Затрыманьне журналісткі асудзілі ўлады ЗША, Канады, Чэхіі, Францыі, Польшчы і Швэцыі, а таксама Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі, кіраўнік Эўрапейскага парлямэнту, Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) і Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека.
- Плятформа Рады Эўропы па садзейнічаньні абароне журналістыкі і бясьпецы журналістаў апублікавала заклік вызваліць Курмашаву.
- На сёньня Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла ў сьпіс «іншаземных агентаў» больш за 30 супрацоўнікаў Радыё Свабода.