Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН шукае замену Беларускаму Чырвонаму Крыжу для праектаў у Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Прадстаўнік мэдыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога» дапамагае мужчыну з інваліднасьцю
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Прадстаўнік мэдыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога» дапамагае мужчыну з інваліднасьцю

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый шукае замену Беларускаму таварыству Чырвонага Крыжа (БТЧК) для праектаў у Беларусі на фоне прыпыненьня сяброўства БТЧК у Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП).

Пра гэта выданьню «Бюро» расказалі ў беларускім прадстаўніцтве ААН.

«Агенцтвы ААН у Беларусі засяроджаныя на завяршэньні цяперашніх праектаў зь Беларускім Чырвоным Крыжам. Мы вывучаем альтэрнатыўныя мэтады, як працягнуць аказваць неабходную падтрымку ўразьлівым супольнасьцям у Беларусі, каб гарантаваць бесьперабойнасьць гуманітарнай дапамогі ў гэты пераходны пэрыяд», — зазначылі ў прадстаўніцтве ААН у Беларусі.

Магчыма, структуры ААН будуць дапамагаць беларусам празь іншыя няўрадавыя арганізацыі або працаваць зь лякарнямі наўпрост, адзначае выданьне.

Згодна з справаздачай Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа за 2022 год, якая ёсьць у распараджэньні «Бюро», замежнае фінансаваньне склала 57,2% ад усяго бюджэту арганізацыі. Агульная сума дапамогі — амаль 13 мільёнаў рублёў. На долю МФТЧКіЧП прыпадала каля 30% усяго замежнага фінансаваньня, а ўвогуле на ўдзельнікаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца — 58% усёй міжнароднай дапамогі для БТЧК. Яшчэ 41% складала грашовая дапамога ад агенцтваў ААН.

  • 1 сьнежня было прыпыненае сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, таксама спынілася фінансаваньне арганізацыі. Прычынай стала невыкананьне патрабаваньня Міжнароднай фэдэрацыі вызваліць Дзьмітрыя Шаўцова ад пасады генэральнага сакратара БТЧК да 30 лістапада.
  • Прэтэнзіі да Шаўцова ўзьніклі ў выніку ягоных візытаў у акупаваныя Расеяй украінскія гарады Луганск і Данецк, а таксама заяваў пра перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, пра магчымасьць нанясеньня па краінах Захаду ядзернага ўдару.
  • У кастрычніку Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца апублікавала вынікі расьсьледаваньня дзейнасьці Дзьмітрыя Шаўцова ў сувязі зь ягонымі паездкамі на акупаваны Расеяй Данбас. Расьсьледаваньне паказала, што Шаўцоў «парушыў Асноўныя прынцыпы руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, правілы выкарыстаньня яго эмблемаў і Палітыку добрасумленнасьці МФТЧКіЧП».
  • За вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца, каб суд выдаў аналягічны ордэр на Аляксандра Лукашэнку, бо ўкраінскіх дзяцей вывозяць і ў Беларусь. 13 верасьня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець такую магчымасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG