«Захоўвайце спакой! Ніякіх дзеяньняў не патрабуецца!» — заклікалі ў ведамстве.
30 студзеня і 20 сакавіка аналягічныя праверкі праводзілі ў Гомельскай вобласьці Беларусі. Па ўсёй Беларусі плянавая праверка сыстэмы апавяшчэньня прайшла 13 сакавіка. У эфіры FM-радыёстанцыяў трансьлявалі паведамленьне: «Увага! Праводзіцца тэхнічная праверка сыстэмы апавяшчэньня. Тэхнічная праверка завершаная».
Аб прычынах частых праверак сыстэмаў апавяшчэньня МНС не паведамляе. Зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што ў асноўным праверкі адбываюцца ў вобласьцях, сумежных з Украінай.
У паветраную прастору Гомельскай вобласьці рэгулярна ўрываюцца бесьпілётнікі, якія, меркавана, належаць Расеі і якімі яна атакуе аб’екты на ўкраінскай тэрыторыі. У Беларусі зафіксавалі некалькі выпадкаў падзеньня дронаў на будынкі. Разам з тым беларускія ўлады ні разу не паведамлялі, што з прычыны ўварваньня бесьпілётнікаў у Беларусь уключаліся сырэны.
Так, паводле крыніцаў рэгіянальнага выданьня «Флагшток», маштабнае адключэньне цеплазабесьпячэньня ў Мазыры Гомельскай вобласьці 27–28 лютага было зьвязанае з падзеньнем расейскага бесьпілётніка. Выданьне з спасылкай на крыніцы сьцьвярджала, што тады была пашкоджаная адна з высакавольтных лініяў электраперадачы, а з прычыны некарэктнай працы аўтаматычнай сыстэмы абароны аварыйна адключыліся і суседнія высакавольтныя лініі, цалкам абясточыўшы ЦЭЦ. Раней «Флагшток» паведамляў, што невядомы лётны апарат уначы 27 лютага ўпаў на гаспадарчую пабудову ў Гомельскім раёне і ўзарваўся, адбыўся пажар.
4 кастрычніка 2024 году Аляксандар Лукашэнка прызнаў факты парушэньня мяжы баявымі бесьпілётнікамі і заявіў, што беларускі бок іх зьбівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расейскія. Афіцыйныя ведамствы не камэнтуюць залётаў расейскіх дронаў у Беларусь.
Рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Маскву ў разьвязанай ёю поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.
З пачатку вайны праверкі сыстэмы апавяшчэньня сыстэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюць рэпрадуктары на вуліцах, празь якія гучаць паведамленьні і сырэны.
Аўтаматызаваная сыстэма цэнтралізаванага апавяшчэньня прызначаная для інфармаваньня жыхароў, органаў улады, а таксама структураў сыстэмы цывільнай абароны, папярэджаньня і ліквідацыі надзвычайных сытуацыяў, пра пагрозу або ўзьнікненьне надзвычайных сытуацыяў прыроднага і тэхнагеннага характару, пра хаду іх ліквідацыі, правілы паводзінаў насельніцтва ў гэтых умовах. Звычайна сыстэма запускае перадачу сыгналу «Ўвага ўсім!» з дапамогай электрасырэнаў і дынамікаў, а таксама паведамляе пра надзвычайную сытуацыю праз тэле- і радыёканалы, рассылае кароткія паведамленьні абанэнтам мабільнай сувязі.
Форум