За мінулыя выходныя чарга легкавога транспарту на ўезд у Польшчу пабольшала ў 3,5 раза, паведамілі 7 красавіка ў Памежным камітэце Беларусі.
Перад адзіным даступным для легкавікоў польскім пунктам пропуску Берасьце — Тарэспаль у чарзе а 10-й гадзіне раніцы 7 красавіка стаялі 460 аўтамабіляў. У пятніцу 4 красавіка а 10:00 уезду ў Польшчу чакалі 130 легкавікоў.
Невялікая чарга легкавікоў сабралася і на адным зь літоўскіх памежных пераходаў: перад пунктам пропуску Меднікі ўезду ў Літву на 10-ю раніцы 7 красавіка чакалі 20 аўтамабіляў. Чаргі на ўезд у Латвію няма.
Захоўваюцца і чэргі на ўезд у Эўразьвяз для грузавога транспарту, найбольшыя яны на літоўскім кірунку. А 10-й раніцы 7 красавіка ў чэргах на выезд у ЭЗ стаялі агулам 1940 фураў:
- 540 фураў — перад пунктам пропуску Меднікі — Каменны Лог (Літва),
- 420 фураў — Салечнікі — Беняконі (Літва),
- 590 фураў — Кукурыкі — Казловічы (Польшча)
- 390 фураў — Грыгораўшчына — Патэрніекі (Латвія).
Для параўнаньня: 5 красавіка на мяжы Беларусі ўезду ў краіны Эўразьвязу чакалі 1415 грузавікоў.
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два літоўскія памежыя пераходы — у Медніках і Салечніках.
- Пасьля палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 году Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца). На гэты момант на беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі адзін пераход для грузавых аўтамабіляў: Казловічы — Кукурыкі, а таксама адзін для легкавога транспарту і аўтобусаў: Берасьце — Тарэспаль. Так, на зімовыя сьвяты чэргі на выезд зь Беларусі праз гэты пункт перавышалі 2500 легкавых аўтамабіляў і 100 аўтобусаў. Польшча цяпер не разглядае адкрыцьця пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю з прычыны браку крокаў насустрач у вострых пытаньнях з боку Менску, заявіў у студзені кіраўнік МУС Польшчы Томаш Семоняк.
- 19 верасьня 2023 году з прычыны росту наплыву нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла пункт пропуску Сіленэ (Урбаны).
Форум