Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай фэдэрацыі прыпынілі


Дзьмітры Шаўцоў, каляж
Дзьмітры Шаўцоў, каляж

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа ня выканала патрабаваньня Міжнароднай фэдэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) і ня вызваліла Дзьмітрыя Шаўцова ад пасады генэральнага сакратара БТЧК да 30 лістапада.

«Адхіленьне — вынік невыкананьня Беларускім Чырвоным Крыжам патрабаваньня аб зьняцьці з пасады сп. Дзьмітрыя Шаўцова, генэральнага сакратара нацыянальнага таварыства. Гэта вынікае з рашэньня ўправы МФТЧКіЧП ад 3 кастрычніка 2023 года, зьвязанага з расьсьледаваньнем абвінавачаньняў у адрас генэральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, выкліканых яго заявамі, у тым ліку аб ядзернай зброі і аб перамяшчэньні дзяцей у Беларусь, а таксама ягоным візытам у Луганск і Данецк», — цытуе Reform.by прэс-рэліз арганізацыі.

Беларускі Чырвоны Крыж траціць правы сябра Міжнароднай фэдэрацыі і пазбаўляецца фінансаваньня.

«Адхіленьне азначае, што Беларускі Чырвоны Крыж траціць свае правы сябра МФТЧКіЧП. Любое новае фінансаваньне Беларускага Чырвонага Крыжа таксама будзе прыпынена. Акрамя таго, Беларускі Чырвоны Крыж ня зможа ўдзельнічаць у Генэральнай Асамблеі МФТЧКіЧП, а таксама галасаваць або быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах», — заяўляе МФТЧКіЧП.

Беларускі Чырвоны Крыж можа быць адноўлены ў правах пасьля таго, як выканае рашэньне ўправы — здыме Шаўцова з пасады.

МФТЧКіЧП падкрэсьлівае, што мае намер рэагаваць на гуманітарныя патрэбы Беларусі.

«У выпадку бедзтва ці сур’ёзнай надзвычайнай сытуацыі гуманітарны імпэратыў будзе мець пераважную сілу. Таму МФТЧКіЧП будзе ацэньваць сытуацыю сумесна з уладамі і іншымі зацікаўленымі бакамі, каб вызначыць найлепшы падыход для запэўненьня ўразьлівым супольнасьцям гуманітарнай дапамогі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

  • Прэтэнзіі да Шаўцова ўзьніклі ў выніку ягоных візытаў у акупаваныя Расеяй украінскія гарады Луганск і Данецк, а таксама заяваў пра перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, пра магчымасьць нанясеньня па краінах Захаду ядзернага ўдару.
  • Сёлета на пачатку кастрычніка Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца апублікавала вынікі расьсьледаваньня дзейнасьці генэральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова ў сувязі зь ягонымі паездкамі на акупаваны Расеяй Данбас. Расьсьледаваньне паказала, што Шаўцоў «парушыў Асноўныя прынцыпы руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, правілы выкарыстаньня яго эмблемаў і Палітыку добрасумленнасьці МФТЧКіЧП».
  • У выніку расьсьледаваньня Міжнародная фэдэрацыя Чырвонага Крыжа ўжыла да Шаўцова абмежавальныя захады, забараніўшы яму займаць кіроўныя пасады ў МФТЧКіЧП да далейшага апавяшчэньня, і заклікала Беларускі Чырвоны Крыж вызваліць Шаўцова ад пасады не пазьней за 30 лістапада 2023 году. Калі гэта ня будзе зроблена, БЧК пазбавіцца сяброўскіх правоў, фінансаваньня, ня зможа ўдзельнічаць у Генэральнай Асамблеі МФТЧКіЧП, а значыць, і галасаваць на ёй, ды інш.
  • 7 верасьня XXVI Зьезд Беларускага Чырвонага Крыжа прыняў аднагалоснае рашэньне аб працягу працы Дзьмітрыя Шаўцова на пасадзе генэральнага сакратара.
  • За вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца, каб суд выдаў аналягічны ордэр на Аляксандра Лукашэнку, бо ўкраінскіх дзяцей вывозяць і ў Беларусь. 13 верасьня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець такую магчымасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG