Урад Беларусі вырашыў скараціць сьпіс тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава. 713-й пастановай ураду яго скарацілі адразу на 120 пазыцыяў. Цяпер там засталося 211 пунктаў.
Якія тавары вывелі з-пад кантролю дзяржавы
Сярод прадуктаў, цэны на якія вывелі з-пад рэгуляцыі ўраду, – сала, мясныя катлеты, піражкі, чабурэкі, блінчыкі і варэнікі з тварагом. Сярод такіх тавараў таксама вяршкі з каровінага малака і мяккія сыры.
Таксама ў сьпіс трапілі салодкія прысмакі: халва, тарты, шакаляднае масла, какава-парашок. Акрамя гэтага, сухары і сушкі.
Больш ня будуць рэгуляваць цэны на пэўную садавіну і гародніну: зялёную цыбулю, баклажаны, кроп, пятрушку, салату, радыску, замарожаную гародніну, ківі, пэрсікі, нэктарыны і сушаніны.
Дзяржава ня будзе рэгуляваць цэны на некаторыя электратавары. Са сьпісу выкрасьлілі электрычныя лямпы і жырандолі, пасудамыйныя машыны, трымэры, электрабрытвы, электрычныя разэткі і падаўжальнікі.
Больш не падпадаюць пад рэгуляцыю і цэны на пэўныя віды мэблю. Гэта абедныя, пісьмовыя і кампутарныя сталы, крэслы і зэдлікі. Адпусьцілі таксама цэны на ўсе віды дывановых пакрыцьцяў.
Не ўмешваецца больш дзяржава і ў рэгуляваньне цэнаў на некаторыя тэкстыльныя вырабы, а менавіта на коўдры, фіранкі, жалюзі. У гэты сьпіс трапілі і скураныя пальчаткі, торбы, папругі, мужчынскія гальштукі, парасоны.
Вывелі з-пад абмежваньня цэны на высокатэхналягічныя прылады – смартфоны, ноўтбукі, кампутары, а таксама на музычныя інструмэнты і фататэхніку.
Чаму адпусьцілі цэны
Праз жорсткую рэгуляцыю цэнаў кампаніі пачалі страчваць рэнтабэльнасьць, пра што гаворыць старшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна.
«Рэгуляцыя цэнаў ня ўлічвала стану вытворцаў канкрэтных тавараў. Напрыклад, кампаніі трэба павышаць цэны, а яна не магла гэтага зрабіць. Да таго ж у Беларусі дэфіцыт працоўнай сілы, растуць заробкі, а цэны штучна стрымліваюць. Гэта адбілася на фінансавым стане кампаніяў. Калі б так было далей, пачалася б чарада банкруцтваў», – тлумачыць Анастасія Лузгіна.
Як прыклад экспэртка прыводзіць цэны на бульбу. Яе летась вырасьцілі мала і ўнутры краіны прадаваць яе па такіх нізкіх цэнах было б проста бессэнсоўна.
«Пачаўся шэраг перакосаў, зьвязаных з жорсткай рэгуляцыяй цэнаў. Ува ўсім сьвеце інфляцыя паскаралася, а ў Беларусі вырашылі забараніць гэты рост», – дадае эканамістка.
Цяпер жа вырашылі, што рэгуляцыю могуць паслабіць.
Як моцна падаражэюць тавары
У выніку дзеяньняў ураду рост цэнаў можа паскорыцца, мяркуе Анастасія Лузгіна. Аднак гэты рост ня будзе «касьмічным».
«Наўрад ці інфляцыя будзе адразу 10%. На нейкія тавары цэны могуць вырасьці больш, аднак гэта залежыць ад канкрэтнай сфэры. Адыгрывае сваю ролю і канкурэнцыя: калі цэны моцна падняць, ніхто ня будзе набываць гэты тавар. Падаражаньне расьцягнецца на красавік і травень. Цэны падрастуць да ўзроўню, патрэбнага вытворцу», – разважае Анастасія Лузгіна.
Ці будуць далей адпускаць цэны на іншыя тавары, залежыць ад ураду. Хутчэй, «зараз яны будуць глядзець, як абернецца цяперашняе рашэньне».
У 2022 годзе Лукашэнка «забараніў» рост цэнаў, іх папросту замарозілі. Празь некаторы час павышаць цэны ўсё ж дазволілі, але ў межах 0,3% ці вышэй – з дазволу мясцовых органаў улады.
Цяпер жа сьпіс рэгуляваных цэнаў пачалі скарачаць. Згодна з прагнознымі паказьнікамі Нацыянальнага банку і ўраду, рост цэнаў у Беларусі сёлета мусіць быць ня большым за 5%. Аднак прагнозныя паказьнікі ў Беларусі выконваюцца не заўсёды.
Форум