Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень расказаў пра катаваньні электрашокерам і зламаныя пальцы


Машына сілавікоў каля турмы на Акрэсьціна. Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Машына сілавікоў каля турмы на Акрэсьціна. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы «Вясны» сустрэліся з былым палітвязьнем Уладзіславам Ефімовічам з Івацэвічаў, які ў студзені 2025-га выйшаў на волю і зьехаў зь Беларусі.

Уладзіслаў Ефімовіч расказаў «Вясьне», што праходзіў у справе суполкі «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта» у Telegram, дзе дзяліўся відэа расейскай вайсковай тэхнікі і абмяркоўваў партызанскую вайну ў Беларусі.

У 2023 годзе Ефімовічу прысудзілі 3,5 года зьняволеньня паводле артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») і артыкулу 361-4 («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

«Наступілі на руку і зламалі тры пальцы»

На момант затрыманьня ў лістападзе 2022 году хлопец быў прызваны ў войска, але пасьпеў адслужыць толькі 3 тыдні. Ужо потым даведаўся, што тады ўжо быў пад пільным кантролем ГУБАЗіКу, дзе толькі чакалі каманды на ягоны арышт.

Гэта адбылося 15 лістапада 2022 году, на тэрыторыі вайсковай часткі ў Берасьці, дзе хлопец служыў. Паводле Вячаслава, яго тады моцна пабілі, зламалі пальцы на руцэ. І гэтае пабіцьцё стала не апошнім за час ягонага больш як трохгадовага зьняволеньня.

«Мяне паклалі проста на зямлю, калі я вяртаўся з сталоўкі. Сілавікі наступілі на руку і зламалі тры пальцы. Першае, што яны ў мяне спыталі: „Ну што, слава Ўкраіне?“. Я адказаў станоўча і за гэта атрымаў удар у галаву. Сілавікі называлі мяне нацыстам і муджагедам», — згадаў Уладзіслаў першыя хвіліны пасьля затрыманьня.

Былы палітвязень сьцьвярджае, што калі яго пад канвоем павезьлі ў вязьніцу, дык пад Баранавічамі на аўтазапраўцы перасадзілі ў бусік да сілавікоў з 3-га аддзелу 10-га ўпраўленьня ГУБАЗіК.

Уладзіслаў расказаў, што ад болю аж сьлёзы на вачах былі, зламаныя пальцы моцна апухлі. Хлопца прывезьлі ў Менск позна ноччу. Як кажа Ўладзіслаў, цягам дня яго не кармілі, не давалі піць і не вадзілі ў прыбіральню.

У аддзяленьні ГУБАЗіКу яго дапытваў сьледчы, які не назваўся, сказаў ён.

«Мне крычалі пагрозы і абразы проста ў вуха, правакавалі. Я не маўчаў і гаварыў ім у адказ. За гэта мяне пачалі біць па нырках».

Паводле аповеду Ўладзіслава праваабаронцам, у ГУБАЗіКу яго пераадзелі ў памаранчавую кофту і павялі ў позе «ластаўкі» у іншы пакой запісваць відэа. Хлопец згадвае зьдзекі і пагрозы, прымушэньне казаць хлусьню, нібы ён прыняў іслам і стаў муджагедам, а таксама нібыта падтрымлівае «нацыяналістычныя ўкраінскія батальёны» і зьбіраецца ехаць на вайну.

«Спачатку яны патрабавалі, каб я паўтарыў на камэру іхныя словы. Я быў у вельмі шокавым стане і ня мог запомніць. За гэта мяне білі і пры гэтым сьмяяліся. А я ўжо проста не вытрымліваў ад болю. Тады сілавікі набралі словы для відэа на маніторы, і я іх зачытваў, стоячы ў кайданках. У канцы відэа я мусіў сказаць: «Абяцаю быць годным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь».

«Ад болю ня мог схадзіць у прыбіральню»

З ГУБАЗіКу Ўладзіслава перавялі спачатку ў турму на Акрэсьціна, а потым на «Валадарку». Там узімку 2023 году ў хлопца пачаў моцна балець жывот. Уладзіслаў кажа, што ад болю ня мог ані сядзець, ані ляжаць. Лекар выдаў яму толькі адну таблетку, але тая не дапамагла. Урэшце, калі ўся камэра пачала гучна абурацца, Уладзіслава забралі на хуткай дапамозе ў шпіталь. Там яму дыягнаставалі запаленьне нырак.

«Ад болю я ня мог нармальна схадзіць у прыбіральню. Але мяне не шпіталізавалі, а вярнулі ў камэру. Ніякага асобнага харчаваньня, ні добрага лекаваньня. Мне рабілі нейкія іньекцыі і давалі таблеткі. Але ўсё адно ў калёнію я паехаў з хворымі ныркамі. І на волю выйшаў разам з гэтай хваробай».

Ад адчаю Ўладзіслаў казаў ахоўнікам, што калі яго нармальна не палечаць, то ён будзе пісаць скаргі ў ААН. У адказ яму толькі пагражалі «суткамі» ў ШЫЗА.

Падчас яго знаходжаньня на «Валадарцы» Ўладзіславу шмат пісалі лістоў падтрымкі, але ніводнага ён не атрымаў. Пра гэта хлопец даведаўся перад самым этапам у калёнію, калі супрацоўнікі ізалятару паказалі яму вялікі пачак карэспандэнцыі на яго імя. Яшчэ Ўладзіслаў згадаў, як аднойчы яму не аддалі харчовую перадачу, сказалі, што перадача не ад сваякоў, а ад незнаёмай жанчыны.

«Тады яшчэ ня ведаў, што ёсьць людзі, якія дапамагаюць палітычным», — расказаў праваабаронцам «Вясны» былы палітвязень Уладзіслаў Ефімовіч.

«Павіншаваў з Новым годам і ўдарыў электрашокерам»

Як апавядае хлопец, для яго не абышлося без пабіцьця і адбыцьцё пакараньня ў магілёўскай ПК № 15. Пераважна, паводле Ўладзіслава, у калёніі ён увесь час жыў у атмасфэры прэсінгу, страху, зь яго пастаянна зьдзекавалася адміністрацыя.

«Апэратыўнік 10-га і 13-га атрадаў Кісьлякоў Дзьмітры Мікалаевіч чамусьці адразу мяне незалюбіў і пастаянна біў з ужываньнем электрашокера. На каталіцкія Каляды і Новы год мяне закрылі ў ШЫЗА. А я тады якраз торт зрабіў, каб адсьвяткаваць разам з сябрамі. 31 сьнежня да мяне ў камэру заходзяць рэжымнік (супрацоўнік аддзелу бясьпекі калёніі. — РС) і гэты Кісьлякоў. Яны паставілі мяне ў калідоры на расьцяжку і пачалі біць па нагах, каб я іх шырэй расставіў. Сказалі, што калі ўпаду, то яны мяне паб’юць яшчэ мацней. А потым Кісьлякоў кажа: „А чаго гэта мы сюды прыйшлі? З надыходзячым цябе!“ І ударыў мяне электрашокерам», — згадаў Уладзіслаў.

У студзіне 2025 году Ўладзіслаў выйшаў на волю праз памілаваньне. Але на волі хлопец сутыкнуўся з новым ціскам сілавікоў: яны прыяжджалі да яго дамоў без папярэджаньня з праверкамі, а ў міліцыі яму пагражалі новым затрыманьнем. У выніку ён вырашыў зьехаць з краіны.

«У Беларусі ў мяне ўвесь час быў неспакойны сон, пастаянна пачуваўся ў небясьпецы. Там няма права голасу. Тут я магу спакойна лайкаць, што хачу, пісаць камэнтары, выказвацца. На акцыі на Дзень Волі я нарэшце змог падысьці да Сьвятланы Ціханоўскай і абняць яе. Тут я са сваімі», — падзяліўся былы палітвязень радасьцю ад жыцьця на волі.

Уладзіславу Ефімовічу 21 год, цяпер аднаўляе здароўе і адаптуецца да новых умоваў за мяжой, паведаміла «Вясна».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG