Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў паведаміў, што ня будзе працягваць абмежаваньні паставак беларускага цэмэнту на ўкраінскі рынак


Крычаўскі цэмэнтны завод. Архіўнае фота
Крычаўскі цэмэнтны завод. Архіўнае фота

Прымяненьне антыдэмпінгавага мыта, якое спаганялася пры пастаўках беларускага цэмэнту ва Ўкраіну ў памеры 57,03% ад кошту пастаўкі, завершыцца 27 чэрвеня 2024 году.

Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю паведаміла, што ня будзе працягваць тэрмін дзеяньня абмежавальных захадаў на пастаўкі беларускага цэмэнту на ўкраінскі рынак.

Прымяненьне антыдэмпінгавага мыта, якое спаганялася пры пастаўках беларускага цэмэнту ва Ўкраіну ў памеры 57,03% ад кошту пастаўкі, завершыцца 27 чэрвеня 2024 году. У гэты ж дзень таксама спыняцца аналягічныя абмежаваньні, уведзеныя на цэмэнт з Расеі і Малдовы.

Абмежаваньні ў выглядзе павялічанага мыта на імпарт беларускага цэмэнту ўвялі ў траўні 2019 году па выніках антыдэмпінгавага расьсьледаваньня, якое вялося з 2018 году. Яно праводзілася ў дачыненьні як да беларускага цэмэнту, так і расейскага, і малдоўскага. На беларускі цэмэнт увялі найменшае мыта — у памеры 57,03%, але і яно зрабіла гандаль гэтай прадукцыяй нявыгадным для пастаўшчыкоў.

Беларускія вытворцы цэмэнту, украінскія імпартэры і спажыўцы гэтага віду беларускай прадукцыі зьвярнуліся з пазовамі ў Акруговы адміністратыўны суд Кіева па скасаваньне абмежавальнага мыта. Судовы працэс трываў паўтара года, урэшце суд адмовіўся прызнаць антыдэмпінгавыя абмежаваньні незаконнымі.

Украіна спыніла гандаль зь Беларусьсю пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

У той жа час урад Украіны не забараняў гандаль зь Беларусьсю, як гэта было зроблена ў дачыненьні да Расеі. Юрысты, якія знаюцца на міжнародным гандлі, таксама зьвяртаюць увагу на тое, што паміж Беларусьсю і Ўкраінай дагэтуль дзейнічае пагадненьне аб свабодным гандлі, згодна зь якім беларуская прадукцыя пастаўлялася ва Ўкраіну бяз мыта. І гэтая норма будзе дзейнічаць у выпадку паставак беларускай прадукцыі праз трэція краіны, з выняткам прадукцыі, супраць якой уведзена антыдэмпінгавае мыта.

«Беларускую прадукцыю можна завозіць праз трэція краіны, хоць лягістыка больш складаная. Ёсьць, хутчэй, этычныя моманты, таму шмат украінскіх кампаніяў адмовіліся ад беларускіх тавараў. Але юрыдычнай забароны няма», — казала Свабодзе адвакат юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Алена Амельчанка.

Які аб'ём беларускага цэмэнту быў на ўкраінскім рынку да абмежаваньняў

Паводле Белстату, у 2018 годзе Беларусь экспартавала ва Ўкраіну 272 тысячы тон (у 2017 годзе — 363,8 тысячы тон) цэмэнту, а імпартавала з Украіны 132,1 тысячы тон (у 2017 годзе — 54,9 тысячы тон).

Украінская статыстыка гандлю цэмэнтам крыху адрозьніваецца — у аб’ёмах яна меншая на некалькі тысяч: ва Ўкраіну ў 2018 годзе завезьлі 270 тысяч тон беларускай прадукцыі і вывезьлі 132 тысячы тон украінскай.

Паводле Белстату, цана беларускага цэмэнту для Ўкраіны складала 43,4 даляра за тону летась (40,2 даляра ў 2017-м). У той жа час украінскі цэмэнт для Беларусі абыходзіўся ў 52 даляра за тону ў мінулым годзе (48,7 даляра ў 2017-м). Па такіх цэнах Беларусь пастаўляла цэмэнт толькі ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG