Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля рэкордаў цяпла на мэтэастанцыях Беларусі пабітыя рэкорды холаду 85-гадовай даўніны


Сьнегапад у Менску, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Сьнегапад у Менску, архіўнае ілюстрацыйнае фота

15 тэмпэратурных антырэкордаў зафіксавалі за апошнія тры ночы на беларускіх мэтэастанцыях, сьведчыць праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамету.

Найбольшая колькасьць начных мінімумаў (дзесяць) была перапісаная ў ноч на 8 красавіка.

У Клічаве паветра астудзілася да 10 градусаў марозу (было −7,6°С у 2013 годзе) — мінулай ноччу там было найхаладней, чым па ўсёй Беларусі.

У Васілевічах і Мар’інай Горцы перакрытыя антырэкорды, якія трымаліся з 1940 году (адпаведна −6,1°С супраць −5,6 градуса і −7,7°С супраць −7,4 градуса). У Жлобіне пабіты рэкорд 1963 году (-6,4°С супраць −4,5 у 1963-м), у Сянно — рэкорд 1997 году (-4,6°С супраць −4,4).

Лякальныя рэкорды холаду, якія трымаліся з 2013 году, абнавіліся ў Жыткавічах, Слуцку, Мазыры, Брагіне, Сянно і Мсьціславе. Паўтарыўся рэкорд холаду ў Бабруйску (-7,2°С, як і ў 2013 годзе).

Абсалютны антырэкорд ночы трымаецца з 1963 году (-12,8°С у Шаркаўшчыне ў 1963 годзе).

7 красавіка абнавілася чатыры мінімумы: у Слуцку (-4,3°С супраць −3,1 у 1978 годзе), Сянно (-4,3°С супраць −3,9 у 2013-м), Высокім (-3,8°С супраць −3,7 у 1978-м) і Мсьціславе (-3,8°С супраць −2 у 2015-м).

6 красавіка антырэкорд быў перапісаны ў Мсьціславе (-3,1°С супраць −2,9 у 2022 годзе).

9-11 красавіка зімовае надвор’е ў Беларусі захаваецца. Белгідрамет прагназуе да 12 градусаў марозу ў ноч на 11 красавіка.

Напярэдадні рэзкага пахаладаньня, 3 і 4 красавіка на асобных мэтэастанцыях Беларусі былі зарэгістраваныя рэкорды цяпла. 3 красавіка ў Нарачы паветра прагрэлася да 17,6 градуса вышэй за нуль, перапісаны лакальны рэкорд дня, які трымаўся з 2001 года (16,7). У Мсціславе новы максімум дня складае цяпер 17,8 градуса (16,6 у 2017 годзе). У Стоўбцах паўтораны рэкорд 35-гадовай даўніны (19,7).

4 красавіка адзначана тры рэкорды: у Магілёве — 20,3 (19,8 у 2001 годзе), Баранавічах — 19,6 (19,5 у 2018-м) і Мсціславе — 19 (16,7 у 2008-м). Паўтарыліся экстрэмумы дня ў Беразіно (20 градусаў у 2001 годзе) і Слуцку (19,5 тады ж).

Цяплей за ўсё 3 красавіка было ў Івацэвічах — 20,3 градуса, Пінску — 20,2, Ваўкавыску — 20,1 і Брэсце — 20 (без рэкордаў), 4 красавіка — у Васілевічах — 20,6, Лельчыцах — 20,5, Пружанах — 20,4, Івацэвічах — таксама 20,4 (без рэкордаў).

  • Сакавік 2025 году стаў найцяплейшым у Беларусі за пасьляваенны пэрыяд поруч з сакавіком 2007 году. Сярэдняя ў Беларусі тэмпэратура паветра ў сакавіку склала +5,2°С, што было вышэй за кліматычную норму на 4,4°С. Максымальнага значэньня (+20,4°) тэмпэратура дасягнула днём 10 сакавіка ў Дарагічыне. За ўсю гісторыю мэтэаназіраньняў у першай дэкадзе сакавіка тэмпэратура паветра ніколі не падымалася да такіх высокіх значэньняў.
  • Пасьля цёплага пачатку красавіка ў Беларусь вярнулася зімовае надвор’е зь сьнегападамі і мяцеліцай. 6-7 красавіка складаныя ўмовы надвор’я ў Беларусі сталі прычынай зьнікненьня сьвятла ў сотнях паселішчаў, найбольш пацярпелі Менская і Магілёўская вобласьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG