Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандаль спынены, а антыдэмпінгавыя працэсы трываюць. Кіеў абвясьціў новыя абмежаваньні на прадукцыю зь Беларусі


Цэмэнтны завод у Крычаве, Магілёўская вобласьць, прадукцыя якога абмежаваная ва Ўкраіне. Ілюстрацыйнае фота
Цэмэнтны завод у Крычаве, Магілёўская вобласьць, прадукцыя якога абмежаваная ва Ўкраіне. Ілюстрацыйнае фота

Рашэньні набываюць юрыдычную моц з 2 жніўня 2023 году і будуць дзейнымі бліжэйшыя пяць гадоў.

Ва Ўкраіне адбылося першае пасьля пачатку вайны пасяджэньне Міжведамаснай камісіі ў пытаньнях міжнароднага гандлю. Усе пяць яе рашэньняў датычаць вынікаў антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў у сувязі з прадукцыяй, вырабленай у Беларусі.

Якую прадукцыю абмежавалі і чаму?

Мыта на шкло і асфальт

Згодна з рашэньнем Міжведамаснай камісіі ў пытаньнях міжнароднага гандлю, цяпер на шклатару зь Беларусі (слоікі для кансэрваваньня і пляшкі для харчовых прадуктаў і напояў) на пяць гадоў уводзіцца антыдэмпінгавае мыта ў 49,81% ад мытнага кошту тавару.

Абмежаваньні праз дэмпінгавыя пастаўкі зь Беларусі ініцыявала Асацыяцыя прадпрыемстваў шкляной прамысловасьці на падставе звароту сямі ўкраінскіх прадпрыемстваў, якія не маглі цалкам выкарыстоўваць свае магутнасьці і ў выніку скарацілі і прадукцыйнасьць, і рэалізацыю прадукцыі на ўнутраным рынку.

На вырабы з асфальту пры пастаўках іх ва Ўкраіну пяць гадоў будзе спаганяцца мыта ў 27,68% ад мытнага кошту. Гэта матэрыялы для пакрыцьця і гідраізаляцыі дахаў, а таксама для будаўніцтва падмуркаў і падземных збудаваньняў — перадусім эўрарубэройд і бітумная дахоўка. Аналягічныя абмежаваньні ўвялі на такую ж прадукцыю з Расеі.

Абмежаваньні на прадукцыю БМЗ дыфэрэнцыявалі

Абмежаваньні на пяць гадоў увялі на пруткі з вугляродзістай і сплаўнай сталі ад Беларускага мэталюргічнага заводу (БМЗ).

У 2019 годзе ўжо праводзілі падобнае расьсьледаваньне, але тады санкцыі былі фармальныя — для БМЗ увялі нулявую стаўку мыта. У тым годзе абмежаваньні наклалі на аналягічныя вырабы Малдоўскага мэталюргічнага заводу, але не такія вялікія, як цяпер на беларускую прадукцыю.

Згодна зь цяперашнім рашэньнем Міжведамаснай камісіі Ўкраіны, стаўка мыта будзе розная для розных экспартэраў беларускай прадукцыі — 47,31% для ўласна вытворцы — БМЗ, а таксама літоўскага ЗАТ «Гандлёвы дом БМЗ-Балтыя», але для іншых пастаўнікоў — 79,27%.

Для малдоўскага вытворцы «пакараньне» за дэмпінгавыя пастаўкі засталося на ранейшым узроўні: 13,8% для Малдоўскага мэталюргічнага заводу і 35,37% — для іншых экспартэраў з Малдовы.

Адмовіліся пераглядаць санкцыі на беларускую соль

Сёлета ў траўні скончыліся абмежаваньні для кухоннай солі вытворчасьці «Мазырсолі». Украінскае прадпрыемства ініцыявала перагляд і прадоўжаньне санкцыяў, але потым адмовілася ад гэтай прапановы. У выніку Міжведамасная камісія спыніла гэты працэс.

Абкладаюць мытам ня толькі беларускі цэмэнт

У траўні 2019 году Міжведамасная камісія міжнароднага гандлю Ўкраіны ўвяла антыдэмпінгавае мыта на імпарт ва Ўкраіну цэмэнтных клінкераў і портляндцэмэнту з Расеі, Беларусі і Малдовы.

Камісія выявіла дэмпінгавы імпарт з гэтых краін у 2015–2018 гадах. У той жа час зь беларускага цэмэнту спаганялася найменшае мыта (57,03%) у параўнаньні з такой жа прадукцыяй з Расеі і Малдовы (114,95% і 94,46% адпаведна). Такое мыта будуць спаганяць і далей.

Забароны на пастаўкі зь Беларусі няма

Адвакат юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Алена Амельчанка, якая суправаджала адно з антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў што да беларускай прадукцыі, паведаміла, што Міжведамасная камісія павінна была завяршыць усе гэтыя працэсы яшчэ год таму, але расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну перашкодзіла.

Адвакат юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Алена Амельчанка
Адвакат юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Алена Амельчанка

«Цяпер камісія пачала працаваць і ўхваліла рашэньні наконт усіх працэсаў, распачатых да расейскага ўварваньня. Мусілі або ўвесьці абмежаваньні, або не», — сказала Свабодзе Алена Амельчанка.

Паводле яе, Украіна мусіла завяршыць антыдэмпінгавыя працэсы, бо юрыдычна не забаронена гандляваць зь Беларусьсю.

«Ёсьць пэўныя абмежаваньні ў выглядзе санкцыяў, ёсьць забарона на імпарт з Расейскай Фэдэрацыі, бо яна агрэсар, але няма юрыдычнай забароны імпарту зь Беларусі. Так, у нас закрытыя межы, не працуюць фізычна пункты пропуску, але імпарт з Рэспублікі Беларусь не забаронены. Тавар зь Беларусі могуць завозіць на тэрыторыю Ўкраіны, напрыклад, праз тэрыторыю Эўразьвязу або іншыя трэція краіны», — дадала юрыстка ў сфэры міжнароднага гандлю.

Алена Амельчанка дадала, што паміж Беларусьсю і Ўкраінай дагэтуль дзейнічае пагадненьне аб свабодным гандлі, згодна зь якім беларуская прадукцыя пастаўлялася ва Ўкраіну бяз мыта. І гэтая норма будзе дзейнічаць у выпадку паставак беларускай прадукцыі праз трэція краіны, з выняткам прадукцыі, супраць якой уведзена антыдэмпінгавае мыта.

Абысьці абмежаваньні ня ўдасца

Алена Амельчанка дадала, што калі Беларусь паспрабуе «ачышчаць» паходжаньне сваёй прадукцыі і пастаўляць яе з сэртыфікатам трэцяй краіны, каб унікнуць антыдэмпінгавага мыта, санкцыі могуць зрабіць больш жорсткімі.

«Калі ўкраінскія вытворцы пабачаць, што на рынку ёсьць такі тавар — а яны могуць адсачыць тавар, які вырабляецца ў Беларусі і пастаўляецца праз трэцюю краіну, — то яны могуць сабраць доказы і падаць скаргу ў Міністэрства эканомікі, патрабуючы перагледзець антыдэмпінгавыя захады ў сувязі з абыходам абмежаванньняў. Ёсьць мэханізмы, якія дазваляюць увесьці абмежаваньні і адносна трэцяй краіны, зь якой будзе пастаўляцца беларуская прадукцыя», — падкрэсьліла Алена Амельчанка.

«Беларускую прадукцыю можна завозіць праз трэція краіны, хоць больш складаная лягістыка. Ёсьць хутчэй этычныя моманты, таму шмат украінскіх кампаніяў адмовіліся ад беларускіх тавараў. Але юрыдычнай забароны няма», — адзначыла адвакат юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери».

  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Пасьля выхаду расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю, каб перадухіліць магчымы паўторны наступ зь беларускай тэрыторыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG