Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка ня едзе на саміт ААН у Нью-Ёрк?


Лукашэнка ў сядзібе ААН у Нью-Ёрку, 2015 год.
Лукашэнка ў сядзібе ААН у Нью-Ёрку, 2015 год.

Апошнім часам афіцыйны Менск пацярпеў цэлы шэраг дыпляматычных паразаў на міжнароднай арэне. Самыя розныя замежныя арганізацыі прымаюць рашэньні з асуджэньнем палітыкі кіраўніцтва Беларусі. На гэтым тле адмова Лукашэнкі ад асабістага ўдзелу ў саміце ААН у Нью-Ёрку выглядае лягічнай.

Сьцісла:

  • Падчас вайны ехаць у краіну, якая лічыцца галоўным ваенным ворагам, небясьпечна.
  • Міжнародная ізаляцыя Беларусі паглыбляецца. Шэраг гучных паразаў афіцыйны Менск пацярпеў у структурах ААН.
  • Прапагандысты рэжыму ставяць пытаньне: ці варта прысутнічаць у міжнародных арганізацыях, дзе афіцыйны Менск жорстка крытыкуюць.
  • Беларускае кіраўніцтва супрацьпаставіла сябе абсалютнай большасьці дзяржаў сьвету, а ня толькі Захаду.

Дэлегацыю Беларусі на верасьнёўскім «тыдні высокага ўзроўню» Генэральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку ўзначаліць міністар замежных спраў Сяргей Алейнік. Пра гэта паведаміў сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў. Гэта значыць, што Лукашэнка на саміт аб мэтах устойлівага разьвіцьця не паляціць.

У мінулым Лукашэнка такія саміты не прапускаў. Бо любіць апынуцца ў цэнтры міжнароднай палітыкі, пафатаграфавацца з сусьветнымі лідэрамі. Чатыры разы ён наведваў падобныя форумы (1995, 2000, 2005, 2015 гады). Апошні раз гэта быў якраз саміт у пытаньнях устойлівага разьвіцьця.

6 ліпеня падчас прэсавай канфэрэнцыі яму задалі пытаньне, ці паедзе ён на саміт ААН у верасьні. Той адказаў, што «пакуль ня вырашыў», адзначыўшы, што «параіцца са старэйшым братам (прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. — Аўт.), бо «калі ён не паедзе, ну чаго мне безь яго туды ехаць». Вось такі цяпер у Беларусі замежнапалітычны «сувэрэнітэт».

Выглядае, што Пуцін у Нью-Ёрк не паедзе. Ён цяпер увогуле баіцца езьдзіць за мяжу. Бо Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў міжнародны ордэр на ягоны арышт. Нават на саміт БРІКС у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку не наважыўся ляцець. А ўжо ехаць у ЗША — гэта велізарная рызыка, што арыштуюць.

Вось і Лукашэнка вырашыў не ляцець. А раптам за гэты час зьявіцца ордэр Гааскага суду і на ягоны арышт? І ўвогуле, падчас вайны ехаць у краіну, якая лічыцца галоўным ваенным ворагам, небясьпечна.

Але ў гэтым ігнараваньні саміту ААН ёсьць яшчэ адна, больш важная прычына. Гэта міжнародная ізаляцыя Беларусі, якая паглыбляецца.

Апошнім часам афіцыйны Менск пацярпеў на сусьветнай арэне цэлы шэраг дыпляматычных паразаў. Самыя розныя міжнародныя арганізацыі прымаюць рашэньні з асуджэньнем палітыкі кіраўніцтва Беларусі.

У дэклярацыі 30-й сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ адзначаецца, што Расея праводзіць «мяккую анэксію» Беларусі.

Міжнародны Алімпійскі камітэт прыняў рашэньне не дапускаць каманды Беларусі і Расеі да Алімпійскіх гульняў у Парыжы ў наступным годзе.

Год таму Сусьветная гандлёвая арганізацыя прыняла рашэньне не разглядаць заяўку Беларусі на ўступленьне ў гэтую структуру.

Шэраг гучных паразаў афіцыйны Менск пацярпеў у структурах ААН. Пасьля пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны Генэральная асамблея ААН прыняла тры рэзалюцыі, якія асуджаюць палітыку Масквы. Беларусь і РФ апынуліся ў глухой ізаляцыі, іх падтрымалі толькі 3–5 краін.

У чэрвені Беларусь прайграла Славеніі ў змаганьні за статус чальца Рады бясьпекі ААН.

Міжнародная арганізацыя працы падтрымала рэзалюцыю аб прымяненьні ў дачыненьні да Беларусі артыкула 33 статуту арганізацыі за парушэньне правоў прафсаюзаў.

Вярхоўны камісар па правах чалавека зрабіла справаздачу па Беларусі і пацьвердзіла, што ў краіне зьдзяйсьняюцца злачынствы супраць чалавечнасьці...

Гэты шэраг можна працягваць. Сытуацыя робіцца настолькі відавочная, што яе не ўдаецца хаваць, даводзіцца прызнаваць на афіцыйным узроўні. Вядомы прапагандыст Вадзім Гігін прапанаваў разабрацца: маўляў, ці варта нам прысутнічаць у міжнародных арганізацыях, дзе нас б’юць.

Лукашэнка, прымаючы сталага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова 27 ліпеня, выказаў падобную думку: «ААН. Што гэта такое на сёньняшні дзень? Якія пэрспэктывы наогул гэтай арганізацыі, з вашага пункту гледжаньня? Ну, і нам што рабіць у гэтай арганізацыі? Натуральна, мы як адна з краін-заснавальніц гэтай арганізацыі ня можам вось так спакойна глядзець на тое, што адбываецца там. Я гляджу, і мы абмяркоўвалі гэтае пытаньне з прэзыдэнтам Расеі, — Сакратарыят ААН, працоўны орган, — яны ўжо пачалі працаваць з пункту гледжаньня нейкіх пераваг адной або дзьвюм дзяржавам, ці Захаду-Ўсходу. То бок яна неяк ужо, гэтая арганізацыя, ператвараецца ў такую арганізацыю „Чаго пажадаеце?“. Ад буйных дзяржаў больш залежыць. Гэта ненармальна. Пры тым націску, які чыняць буйныя дзяржавы, Захад».

Пытаньне «Нам што рабіць у гэтай арганізацыі?» можна разглядаць як пагрозу выхаду з ААН.

Аднак у заявах афіцыйных асобаў Беларусі і Расеі, а таксама ў прапагандысцкіх наратывах дзяржаўных мэдыя закладзена супярэчнасьць. З аднаго боку, яны заяўляюць, што аднапалярны сьвет згінуў, час панаваньня ЗША і ў цэлым Захаду ў сьвеце скончыўся, цэнтар сусьветнай палітыкі перамяшчаецца ў Азію. Таму, маўляў, Беларусь пераарыентуе сваю замежную палітыку з Эўропы на Ўсход, на Расею, Кітай. Вось, для прыкладу, той жа Вадзім Гігін у эфіры ток-шоў «Будні» на «Альфа Радыё» кажа: «Гегемонія ЗША сыходзіць у мінулае... Немач дзейнага прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна зьяўляецца пэўным сымбалем заходу амэрыканскай эпохі: развалу не ЗША, а вось гэтай гегемоніі, калі яны дыктуюць усё. Гэта застаецца ў мінулым. Сасьпелі тыя сілы ў сьвеце, якія не прымаюць падобны стан рэчаў».

Калі так, калі Захад сапраўды так аслабеў, то на сусьветнай арэне, у міжнародных арганізацыях Беларусь, Расея павінны былі б сьвяткаваць суцэльную перамогу. Аднак усё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот. Вось прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што скарачэньне колькасьці замежных лідэраў на саміце Расея — Афрыка (толькі траціна лідэраў афрыканскіх краін прыехала ў Санкт-Пецярбург) зьвязанае зь ціскам на іх ЗША. Але чаму ціск ЗША аказаўся мацнейшы за ціск Расеі?

Паводле Лукашэнкі, тая ж ААН працуе паводле прынцыпу «Чаго пажадаеце?», гэта значыць — выконвае волю Захаду. Так, уплыў Захаду вялікі, аднак справа ня толькі ў гэтым. Паглядзім на вынікі галасаваньняў у ААН па рэзалюцыях, прысьвечаных вайне РФ супраць Украіны. Вось рэзалюцыя Генасамблеі ААН ад 2 сакавіка 2022 году з асуджэньнем Расеі. За яе прагаласавала 141 краіна, супраць — 5. Рэзалюцыя Генасамблеі ААН ад 12 кастрычніка 2022 году: «за» — 143, «супраць» — 5. Рэзалюцыю Генасамблеі ААН ад 23 лютага 2023 году падобнага зьместу падтрымала 141 краіна, супраць выступілі 7. Пры выбарах новага чальца Рады бясьпекі за Славенію галасавалі 153 дзяржавы, за Беларусь — 38.

У склад так званага калектыўнага Захаду ўваходзіць трохі больш за 30 дзяржаў (у NATO — 31 краіна, у Эўразьвязе — 27). А супраць пазыцыі Беларусі пастаянна галасуюць 140–150 краін са 193 краін-чальцоў гэтай арганізацыі.

Гэта азначае, што падтрымка Менскам расейскай агрэсіі супраць Украіны ператварыла краіну ў міжнароднага ізгоя. Беларускае кіраўніцтва супрацьпаставіла сябе абсалютнай большасьці дзяржаў сьвету. 29 гадоў Лукашэнка настойліва вёў Беларусь да такога фіналу. І ўрэшце прывёў. Таму і ня едзе на саміт ААН. Бо адчувае, што ён лішні на гэтым сьвяце жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG