Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хоць тысячу даляраў — чыноўнікі абгрунтуюць якую заўгодна суму»: Чаму для некаторых беларусаў моцна вырасла плата за кватэру


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусы працягваюць абмяркоўваць «дармаедзкія рахункі» за кастрычнік. Сумы камунальнай платы ў іх значна большыя, чым раней. Чыноўнікі з жыльлёва-камунальнай сфэры абгрунтоўваюць гэтую зьмену «новым справядлівым падыходам».

Беларусы атрымалі рахункі за кастрычнік, сумы ў іх многіх зьдзівілі. Новымі рахункамі беларусы актыўна дзеляцца ў сацыяльных сетках. Напрыклад, у верасьні сям’я плаціла за трохпакаёвую кватэру 120 рублёў, а ў кастрычніку ўжо 420. У іншай сям’і камуналка за месяц абыходзілася ў 100 рублёў, стала 240. За двухпакаёвую кватэру ў 50,1 кв. м. сям’і з чатырох чалавек (муж працуе за мяжой, жонка жыве і працуе ў Беларусі, зараз у дэкрэце) выставілі рахунак на 253 рублі — уласьнікам кватэры лічыцца муж, у Беларусі ён запісаны як «не заняты ў эканоміцы».

Новыя цэны ўбачылі і раней ужо прызнаныя «не занятымі ў эканоміцы». Суразмоўца Свабоды расказаў, што ў верасьні за двухпакаёвую кватэру плаціў 94 рублі, а за кастрычнік выставілі ўжо 156 рублёў.

Розьніца ў тарыфах для «дармаедаў» і «недармаедаў» — у 5 разоў

Пасьля абурэньняў беларусаў, якія атрымалі рахункі за кастрычнік, калі ўключылі ацяпленьне, Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі патлумачыла, адкуль узяліся такія лічбы.

Яно спасылаецца на пастанову Савету міністраў ад 27 жніўня № 465 «у мэтах вызначэньня дадатковых захадаў для залучэньня грамадзян, не занятых у эканоміцы, у працоўную дзейнасьць».

Нібыта зьмяніліся падыходы да налічэньня платы за асобныя паслугі — забесьпячэньне цяплом, гарачай вадой, газам. Паводле дзяржавы, плаціць менавіта за гэтыя паслугі яна дапамагае грамадзянам шляхам субсыдыяў. Іншыя паслугі людзі аплочваюць цалкам.

Да 1 кастрычніка было так: калі чалавек, не заняты ў эканоміцы, быў уласьнікам кватэры і жыў там не адзін, павышаныя тарыфы стасавалі толькі да ягонай долі ў агульным аб’ёме паслугаў. Напрыклад, у кватэры зарэгістраваныя 3 чалавекі, адзін з іх уласьнік, «не заняты ў эканоміцы», тады паводле павышаных тарыфаў лічылася плата толькі за ягоную долю, г. зн. за траціну спажытага, а не за ўвесь абагрэў, гарачую ваду і газ.

Ад 1 кастрычніка, калі ўласьнік ці наймальнік кватэры «не заняты ў эканоміцы», то так званыя «эканамічна абгрунтаваныя тарыфы» стасуюць да ўсёй кватэры, то бок уся плата за абагрэў, гарачую ваду і газ налічваецца цалкам, без датацыяў. Напрыклад, уласьнік кватэры жыве за мяжой, таму яго лічаць «не занятым у эканоміцы» а ў ягонай кватэры жывуць сваякі. Яны мусяць плаціць за гарачую ваду, ацяпленьне і газ цалкам, нават калі яны працуюць у Беларусі.

Поўны тарыф на ацяпленьне і падагрэў вады складае 134,94 рубля за 1 Гкал, ільготны тарыф — 27,2323 рубля. Паміж «эканамічна абгрунтаванымі тарыфамі» і тарыфамі з субсыдыяй розьніца ў 5 разоў.

Асноўная мэта навацыяў — «стварэньне больш справядлівай сыстэмы разьмеркаваньня нагрузкі ў жыльлёва-камунальнай сфэры». А дзяржаўныя субсыдыі на камунальныя паслугі будуць падтрымліваць толькі тых грамадзянаў, якія «сваёй працай удзельнічаюць у разьвіцьці эканомікі», — тлумачаць чыноўнікі зь міністэрства ЖКГ. Зьмены закранулі многіх беларусаў, якія жывуць за мяжой і маюць ва ўласнасьці кватэру, беларуская дзяржава лічыць іх «не занятымі ў эканоміцы».

Чыноўнікі прапанавалі беларусам, якія трапілі ў сьпіс «не занятых у эканоміцы», самім заплаціць складкі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Памер прапанавалі вызначыць самім людзям, але ён мае быць ня меншы за 29% ад мінімальнага заробку, або мінімум 218,2 рубля. Тады поўную плату за камуналку налічваць ня будуць.

«Хочуць падзяліць беларусаў на дзьве групы — на правільных і няправільных»

З тлумачэньняў чыноўнікаў ад ЖКГ вынікае: калі кватэра належыць «не занятаму ў эканоміцы Беларусі», паводле павышаных тарыфаў будуць плаціць усе жыхары — разам з бабуляй-пэнсіянэркай, якая мае льготы, або яе ўнукам-студэнтам.

Наколькі гэта справядліва, мы запыталіся ў прадпрымальніка, эканамічнага блогера Аляксандра Кныровіча.

Аляксандар Кныровіч
Аляксандар Кныровіч

«Вядома, гэта несправядліва. Чаму пэнсіянэр, які жыве ў кватэры, павінен плаціць ў 5 разоў больш толькі таму, што жытло камусьці належыць? Вадой ці электрычнасьцю карыстаецца ж пэнсіянэр, а ня ўласьнік кватэры. Тут справядлівасьцю ня пахне, тут пахне жаданьнем падзяліць беларусаў на дзьве групы: на правільных і няправільных. Гэта яшчэ адзін крок да падзелу на тых, хто зьехаў або не прысутнічае ў дзяржаўным полі. Такі чалавек павінен плаціць значна даражэй».

Аляксандар Кныровіч жартуе, што з такім крэатыўным падыходам чыноўнікі могуць зайсьці далёка: будуць беларусаў дзяліць ня толькі паводле прыкметы «дармаед — недармаед», а дадумаюцца да таго, напрыклад, што чалавек, які працуе ў прыватнай кампаніі, будзе плаціць больш за работніка дзяржаўнага сэктару.

«У Беларусі лічыцца, што дзяржаўнае — гэта правільнае, а ўсё астатняе — не»

Беларуская дзяржава ў сфэры жыльлёва-камунальных паслуг — манапаліст, адзначае Кныровіч.

«У кожным падручніку эканомікі вы прачытаеце, што адзіныя цэны, якія мусіць рэгуляваць дзяржава, — гэта тарыфы манаполіі. Таму эканамічна разьвітыя дзяржавы заўсёды імкнуцца стварыць канкурэнцыю на рынку. У Беларусі ж лічыцца, што дзяржаўнае — гэта правільнае, а ўсё астатняе — не.

Нармальная дзяржава імкнецца, каб грамадзяне мелі выбар — хто іх, да прыкладу, будзе забясьпечваць электраэнэргіяй — і стараецца стварыць на гэтым полі канкурэнцыю. Тады зразумела, што ёсьць камэрцыйны тарыф і ёсьць канкурэнцыя паміж рознымі арганізацыямі. У беларусаў такога выбару няма», — тлумачыць Аляксандар Кныровіч.

Ён прапануе даць магчымасьць людзям выбіраць пастаўнікоў электраэнэргіі й цяпла і вярнуць ім тыя грошы, якія дзяржава нібыта выдатковае на субсыдыі, ільготы, датацыі.

«Дайце людзям зь бюджэту проста на рукі тыя грошы, і людзі самі выберуць, каму і за што плаціць. І справядлівасьці, і эфэктыўнасьці будзе значна больш», — мяркуе спадар Кныровіч.

«Кожны чыноўнік можа абгрунтаваць усякую суму — хоць тысячу даляраў у рахунку»

На думку кіраўніка праекту «Кошт ураду» Ўладзімера Кавалкіна, эканамічна абгрунтаваных тарыфаў, пра якія зноў цьвердзяць чыноўнікі, не існуе. Бо аказаньне шэрагу паслугаў і вызначэньне цэнаў на гэтыя паслугі — манаполія дзяржавы.

Уладзімер Кавалкін
Уладзімер Кавалкін

«Тут ня рынак вызначае і не чалавек пастанаўляе, да каго зьвярнуцца, каб купіць гэтыя паслугі, а вызначае дзяржава, якія паслугі табе прадаць. Па-другое — за якую цану табе прадаць. Калі б быў рынак, мы б бачылі цану. А мы яе ня ведаем», — кажа Кавалкін.

Ён зьвяртае ўвагу, што чыноўнік пры жаданьні можа абгрунтаваць якую-хаця суму, якую беларус убачыць у рахунку.

«Кожны чыноўнік можа абгрунтаваць усякую суму — хоць тысячу даляраў у рахунку. У дзяржавы такі падыход: людзі заўсёды вінаватыя, вінныя рэжыму. То бок рэжым як бы клапоціцца пра людзей, а людзі такія нахабныя, няўдзячныя, ня цэняць, што дзяржава за іх нешта аплочвае», — падкрэсьлівае суразмоўца.

На яго думку, дзяржава ўзрослымі тарыфамі пачынае новы віток барацьбы з «дармаедамі», і гэта працяг позьнесавецкай, «андропаўскай» палітыкі барацьбы зь людзьмі, якія афіцыйна не працуюць.

«Тут рэжым Лукашэнкі спрабуе знайсьці розныя вагары, спосабы, сродкі, каб прымусіць людзей працаваць. Тарыфы, што для так званых „дармаедаў“ пастаянна растуць, — гэта таксама быццам бы эканамічны стымул для людзей, каб яны пайшлі працаваць. Калі ў сям’і адзін не працуе — ціснуць на ўсю сям’ю. Ціснуць не на чалавека, які зьехаў, а на сваякоў — каб тыя ў сваю чаргу ціснулі на яго, каб ён вярнуўся ў краіну працаваць», — падсумоўвае Кавалкін.

Барацьбу з так званымі «дармаедамі», ці «не занятымі ў эканоміцы», улады Беларусі вядуць з 2015 году. Тады прынялі дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», паводле якога «не занятыя ў эканоміцы» мусілі ўжо ў 2017 годзе плаціць дзяржаве на той момант каля 200 даляраў (ці 20 базавых). Пасьля пратэстаў супраць гэтага дэкрэту, калі людзі ў розных гарадах Беларусі выйшлі на вуліцы, яго скасавалі.

Аднак прынялі іншы — «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», згодна зь ім «не занятыя ў эканоміцы» мусяць плаціць за ацяпленьне, гарачую ваду і газ цалкам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG