Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі заблякавалі сайт Devby.io, які піша пра ІТ-сэктар


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За межамі Беларусі старонка Devby.io адчыняецца і абнаўляецца.

Напрыканцы мінулага тыдня ў некаторых апэратараў сувязі ў Беларусі перастаў адчыняцца навінавы рэсурс Devby.io. Паколькі рэдакцыя не атрымлівала прэтэнзій з боку ўладаў, заснавальнікі спадзяваліся, што гэта тэхнічная накладка. Аднак пасьля выходных сайт так і не запрацаваў, піша baj.by.

У пятніцу 26 траўня на інтэрнэт-старонцы спэцыялізаванага выданьня з’явілася паведамленьне наступнага зьместу:

«Сайт Devby.io можа быць недаступны ў некаторых правайдэраў на тэрыторыі Беларусі. Цяпер мы спрабуем высьветліць прычыну, будзем трымаць вас у курсе».

Паводле папярэдняга маніторынгу, залежна ад апэратара сувязі цяпер некаторых карыстальнікаў у Беларусі пры спробе зайсьці на сайт сустракае дзяжурны шаблён пра «адсутнасьць бясьпечнага злучэньня». А вось іншая частка бачыць больш празаічную прычыну — «чорную метку» ў выглядзе заглушкі Міністэрства інфармацыі пра блякаваньне інтэрнэт-рэсурсу. Прычыны рашэньня не тлумачацца.

Devby.io — інтэрнэт-выданьне пра беларускую ІТ-галіну. Плятформа заснаваная ў 2008 годзе як Dev.by і асьвятляе ўсе значныя падзеі, якія адбываюцца ў індустрыі або могуць на яе паўплываць. Сярод іншага, яна зьбірае каталёг беларускіх кампаній і водгукі пра іх; вядзе поўны каляндар падзей і статыстыку заробкаў; разьмяшчае вакансіі. Штомесяц навіны, аналітыку, расьсьледаваньні чытаюць і абмяркоўваюць у сярэднім мільён унікальных наведнікаў.

Уладальнікі плятформы — ІТ-прадпрымальнік Арцём Канцавы і кампанія VP Capital Віктара Пракапені. Рэдакцыя Devby.io незалежная ад заснавальнікаў і інвэстараў, дзейнічае ў інтарэсах чытачоў, ІТ-супольнасьці і не абслугоўвае карпаратыўныя інтарэсы якіх-небудзь кампаній, — падкрэсьліваецца ва ўнутраным кодэксе калектыву.

У рэдакцыі Devby.io заявілі, што працягнуць працу ў звыклым рэжыме. І нагадваюць рэкамэндацыі, дзе і як шукаць апошнія навіны ІТ-індустрыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG