Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнае выданьне Ex-press.by вывелі з нацыянальнай дамэннай зоны ў пазасудовым парадку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Так вырашыў Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры Лукашэнку.

У Беларусі яшчэ адно незалежнае выданьне пазбавілі дамэну .by. Як стала вядома БАЖ, пазасудовым чынам пазбавілі прыналежнасьці да нацыянальнай дамэннай зоны рэгіянальны сайт Ex-press, які спэцыялізуецца на навінах Барысава і Жодзіна.

У кастрычніку 2021-га ўлады прызналі прадукцыю рэдакцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Супрацоўнікі яе неўзабаве пакінулі Беларусь.

Паводле новага закону, цягам сямі дзён прадстаўнік рэдакцыі асабіста мусіў зьвярнуцца ў кантрольны орган з усімі неабходнымі дакумэнтамі, якія сьведчаць дадзеныя рэдакцыі. Аднак ніхто з рэдакцыі асабіста не прыйшоў з дакумэнтамі ў Апэратыўна-аналітычны цэнтар, і выданьне пазбавілі дамэну.

Ex-press.by стварыў калектыў закрытай уладамі ў 2005 годзе недзяржаўнай газэты «Кур’ер з Барысава». У жніўні 2022 году па рашэньні Міністэрства інфармацыі на тэрыторыі Беларусі заблякавалі доступ да сайту гэтага мэдыя.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG