Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народная Воля» пад пагрозай закрыцьця: выданьне зьвярнулася да чытачоў з просьбай аб дапамозе


Рэдакцыя адной са старэйшых незалежных газэт Беларусі «Народная Воля» паведаміла, што ставіць на месяцовую паўзу PDF-вэрсію выданьня, не выключае пагрозы поўнага закрыцьця, і просіць чытачоў і спонсараў аб тэрміновай дапамозе.

У іншым выпадку выданьню пагражае поўнае спыненьне дзейнасьці.

«На жаль, абставіны склаліся так, што выданьне „Народнай Волі“ ў PDF-фармаце становіцца на месяцовую паўзу. Сытуацыя выклікана надзвычай цяжкім фінансавым становішчам. Рэдакцыя ня мае магчымасьці пакрываць выдаткі па арэндзе памяшканьня, тэхнічным абслугоўваньні, выплаце заробкаў і падаткаў. Мы ў адным кроку ад закрыцьця.

Каб гэта ня здарылася, трэба набраць як мага болей падпісчыкаў на PDF-вэрсію», — канстатуе рэдакцыя ў спэцыяльным звароце да сваіх прыхільнікаў і дадае, што тое, як надоўга зацягнецца паўза, залежыць ад актыўнасьці старых і новых чытачоў выданьня.

Падпісацца на PDF-вэрсію газэты «Народная Воля» можна на сайце belpressa.by. Кошт падпіскі на месяц — 9 рублёў 48 капеек.

Як можна пералічыць грошы на рэдакцыйны рахунак (рэквізыты ў рускамоўным варыянце).

  • Праз АРІП: СМИ — Н (просто буква) — «Народная Воля» — Добровольные взносы.
  • Праз банк: ИЧУП «Народная Воля». 220030 г.Минск, ул.Энгельса, 34а р/с BY08 PJCB 3012 0065 3510 0000 0933, Код PJCBBY2X, ЦБУ 113 «Приорбанк» ОАО, г.Минск УНП 100961759
  • «Народная Воля» — незалежная беларуская грамадзка-палітычная газэта, заснаваная ў 1995 годзе Ёсіфам Сярэдзічам пасьля таго, як указам Аляксандра Лукашэнкі ён быў адхілены ад кіраваньня парлямэнцкай «Народнай газетай», заснавальнікам якой быў Вярхоўны Савет.
  • Яшчэ ў 2020 годзе «Народная Воля» разам з шэрагам іншых недзяржаўных выданьняў страціла магчымасьць выходзіць у папяровым выглядзе — за асьвятленьне масавых акцый пратэсту Беларускі дом друку адмовіўся браць у працу макеты, а «Белпошта» выключыла газэту са свайго падпіснога каталёгу.
  • Нейкі час у якасьці альтэрнатывы выступалі расейскія друкарні, але 13 лістапада 2020-га ў офіс «Народнай Волі» прыйшлі невядомыя без дакумэнтаў і канфіскавалі ўвесь надрукаваны наклад — 25 тысяч асобнікаў. Пад ціскам кантрольных органаў ад супрацы з «Народнай Воляй» адмовіліся і ў Расеі.
  • Пазьней Эканамічны суд Менску прысудзіў «Народнай Волі» выплаціць кампэнсацыю звыш 108 тысяч рублёў на карысьць «Белпошты» за тое, што выданьне «не даставіла прадугледжаныя дамовамі наклады на пошту і для падпісчыкаў», праігнараваўшы той факт, што газэту адмовіліся друкаваць паўсюль у «саюзнай дзяржаве».
  • Рэдакцыя «Народнай Волі» працягвала дастаўляць падпісчыкам па электроннай пошце PDF-вэрсіі нумароў, паралельна працаваў сайт, але 18 жніўня 2022 году ўлады заблякавалі старонку nv-online.info, да яе не было доступу як унутры краіны, так і за мяжой.
  • У канцы сьнежня 2022 году загадам міністра інфармацыі інтэрнэт-рэсурсу дазволілі вярнуцца ў мэдыйнае поле. Сайт «Народнай Волі» паўнавартасна запрацаваў 9 студзеня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG