Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Продажы легкавых аўтамабіляў у Беларусі ў гадавым вымярэньні зьнізіліся на 70%


Аўтамабіль Geely. Ілюстрацыйнае фота
Аўтамабіль Geely. Ілюстрацыйнае фота

За люты 2023 года ў Беларусі прадалі 945 легкавых аўтамабіляў — на 69,45% менш, чым у тым жа месяцы летась (3.093).

Паводле зьвестак Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА), у параўнаньні са студзенем 2023 года лютаўскі продаж вырас на 25%.

Усяго за студзень-люты ў краіне прадалі 1701 легкавы аўтамабіль, што на 68,3% менш, чым за аналягічны пэрыяд 2022 года (5363).

З чэрвеня 2022 года нязьменным лідэрам продажаў зьяўляецца Geely.

«Нягледзячы на тое, што ў лютым доля Geely на рынку новых легкавых аўтамабіляў зьнізілася з 71,8% да 69,6%, кітайска-беларускі брэнд па-ранейшаму робіць асноўныя аб’ёмы продажу ў Беларусі», — зазначыў выканаўчы дырэктар аўтамабільнага холдынгу «Атлант-М» Сяргей Самойла.

У лютым прадалі 658 аўто гэтай маркі, на другім месцы — Lada, трэцім — Audi (колькасныя паказчыкі расейскага і нямецкага брэндаў не паведамляюць).

На беларускім рынку новых легкавых аўтамабіляў у лютым працавала 10 дылераў (у студзені — 11).

Самойла мяркуе, што ў трэцім квартале 2023 года на беларускім рынку новых легкавых аўтамабіляў могуць зьявіцца новыя гульцы, прыход якіх «павялічыць як колькасьць брэндаў, так і колькасьць прапанаваных патэнцыйным пакупнікам мадэляў».

Па выніках 2022 года, сьведчаць зьвесткі БАА, дылеры прадалі 14 843 легкавыя аўтамабілі. У лідэрах Geely (4.355), Lada (3.782) і Kia (1.462).

У 2021 годзе ў Беларусі прадалі 46 837 аўтамабіляў, у 2020-м — 53 537, 2019-м — 64 504. За апошнія тры гады продажы скараціліся на 49 661 адзінку (-77%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG