Пра гэта паведамляе эстонскае выданьне ERR. Наступныя муніцыпальныя выбары пройдуць у Эстоніі ў кастрычніку 2025 году. Згодна з прынятым законам, на гэтых выбарах асобы без грамадзянства яшчэ змогуць прагаласаваць, але пасьля будуць пазбаўленыя гэтага права.
Закон закране ў тым ліку грамадзян Расеі і Беларусі.
Прэзыдэнт Эстоніі Алар Карыс пасьля падпісаньня закону зьвярнуў увагу на наступствы такога рашэньня.
«Рашэньне аб тым, што галасаваць на мясцовых выбарах змогуць толькі грамадзяне Эстоніі і краін Эўрапейскага Зьвязу, несумненна, законнае. Ня менш важна, каб тыя, хто застаўся бяз права голасу, ня думалі, што дзяржава хоча выключыць іх з грамадзкага жыцьця або бачыць у іх пагрозу бясьпецы», — адзначыў ён.
Паводле яго словаў, толькі эстонскі парлямэнт «можа гарантаваць, што людзям, якія доўгі час пражылі тут і застаюцца ляяльнымі да Эстоніі, будзе забясьпечаны адкрыты шлях да эстонскага грамадзянства, нават калі свабодны выбар у прыняцьці рашэньня наконт грамадзянства быў ускладнены іншымі дзяржавамі».
«Абарона ўнутранага міру ня можа заставацца проста лёзунгам. Сёньня мы знаходзімся ў сытуацыі, калі безадказна не цікавіцца тым, як нават уяўна правільныя рашэньні ўплываюць на грамадзтва ў цэлым», — дадаў ён.
Міністэрства юстыцыі Эстоніі, якое падрыхтавала дакумэнт, раней указвала, што абмежаваньне правоў грамадзян Расеі і Беларусі, што жывуць у Эстоніі, удзельнічаць у выбарах органаў мясцовага самакіраваньня зьяўляецца часовым.
26 сакавіка эстонскі парлямэнт паскорым чынам зьмяніў Канстытуцыю і пазбавіў права голасу грамадзян трэціх краін, у тым ліку Беларусі, на муніцыпальных выбарах у Эстоніі.
Згодна з папраўкамі, на выбарах увосень 2025 году асобы без грамадзянства (так званыя неграмадзяне Эстоніі) яшчэ змогуць прагаласаваць, а ў далейшым права голасу пазбавяцца і яны.
За зьмену Канстытуцыі ў паскораным парадку прагаласавалі 92 дэпутаты, супраць былі 7 дэпутатаў.
Да прыняцьця гэтага закону разам з грамадзянамі Эстоніі і дзяржаваў ЭЗ у мясцовых выбарах маглі ўдзельнічаць іншаземцы, якія жывуць у Эстоніі на падставе доўгатэрміновага дазволу на жыхарства або пастаяннага права на жыхарства, якія дасягнулі да дня выбараў 16 гадоў і чыё пастаяннае месца жыхарства ў адпаведных воласьці або горадзе.