Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Кітаю адрэагаваў на інфармацыю аб сваіх грамадзянах, захопленых ва Ўкраіне ў палон


Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Кітаю Лінь Цзянь
Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Кітаю Лінь Цзянь

Міністэрства замежных справаў Кітаю пракамэнтавала захоп двух кітайскіх грамадзян ва Ўкраіне, паведаміў 9 красавіка прэс-сакратар ведамства Лінь Цзянь.

«Кітайскі бок удакладняе адпаведную інфармацыю з украінскім бокам», — сказаў прэс-сакратар ведамства Лінь Цзянь, пішуць заходнія СМІ.

Лінь дадаў, што ўрад Кітаю «заўсёды прасіў сваіх грамадзян трымацца далей ад зонаў узброеных канфліктаў» і ўнікааць удзелу ў войнах у якой-хаця форме.

Пры гэтым ён назваў «беспадстаўнымі» заявы аб знаходжаньні ва Ўкраіне вялікай колькасьці кітайскіх вайскоўцаў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 8 красавіка заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны ўзялі ў палон у Данецкай вобласьці двух кітайскіх вайскоўцаў, і заклікаў саюзьнікаў Кіева адрэагаваць на сытуацыю і запатрабаваць ад Пэкіну тлумачэнняў.

Палонныя знаходзяцца ў СБУ, ідзе сьледзтва. Пры гэтым прэзыдэнт Украіны заявіў, што ёсьць сьведчаньні таго, што «ў падразьдзелах акупантаў значна больш грамадзян Кітаю, чым двое».

«Нашыя вайскоўцы ўзялі ў палон дваіх грамадзян Кітаю, якія ваявалі ў расейскім войску. Гэта адбылося на тэрыторыі Ўкраіны — у Данецкай вобласьці. Ёсць дакумэнты гэтых зьняволеных, банкаўскія карткі, асабістыя зьвесткі», — заявіў Зяленскі.

Паводле Зяленскага, украінскія вайскоўцы ўступілі ў бой у Данецкай вобласьці (Тарасаўка, Белагораўка) з шасьцю кітайскімі вайскоўцамі, дваіх зь іх удалося ўзяць у палон.

Зяленскі не ўдакладніў, калі менавіта кітайскія вайскоўцы трапілі ў палон. Таксама ён не паведаміў, хто імі камандаваў і ці былі палонныя кітайскія вайскоўцы наймітамі або яны прыехалі ва Ўкраіну на тых жа ўмовах, што і паўночнакарэйскія вайскоўцы, у рамках пагадненьня з Расеяй.

Неўзабаве пасьля заявы Зяленскага Міністэрства замежных справаў Украіны выклікала для тлумачэньня часовага паверанага ў справах Кітаю. Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сыбіга падкрэсьліў, што Ўкраіна рашуча асуджае прыцягненьне Расеяй грамадзян Кітаю да вайны і іх удзел у баявых дзеяньнях. Паводле яго, гэта «ставіць пад сумнеў пазыцыю Кітаю стасоўна міру і падрывае давер да Пэкіну як да адказнага пастаяннага чальца Рады бясьпекі ААН».

  • Фармальна Кітай ніколі не падтрымліваў ніводнага з бакоў украінскага канфлікту і працягвае гандляваць і з Расеяй, і з Украінай. Аднак яго заявы пра неабходнасьць мірных перамоваў падтрымліваюць хутчэй наратыў Крамля аб вайне ва Ўкраіне.
  • У студзені праект украінскай службы Радыё Свабода «Схемы» выявіў, што пасьля ўвядзеньня санкцыяў Захаду ў 2022 годзе Кітай стаў адзінай крыніцай галію і германію для Расеі, а таксама адным зь лідэраў па пастаўках антымону (сурмы) — хімічных элемэнтаў, неабходных для вытворчасьці зброі, у тым ліку ядзернай. Гэтыя мэталы імпартуюць у Расею дзяржаўныя і прыватныя кампаніі, так ці інакш зьвязаныя з расейскім вайскова-прамысловым комплексам, закупляючы іх у кітайскіх фірмаў зь дзяржаўным капіталам.
  • У расьсьледаваньні, якое выйшла ў лютым 2025 году, Расейская служба Радыё Свабода з дапамогай працёку выявіла ў базе пацыентаў мэдычных установаў Галоўнага вайскова-мэдычнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Расеі імя грамадзяніна Кітаю. У перапісцы з Радыё Свабода 36-гадовы Вэй Дуань пацьвердзіў, што ён грамадзянін КНР і ўдзельнічаў у вайне ва Ўкраіне, але адмовіўся абмяркоўваць падрабязнасьці.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG