Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Літвы пра магчымыя пагрозы падчас вучэньняў «Захад» у Беларусі: «Будзем дзейнічаць неадкладна»


Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс
Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс

У Літве «бачылі ўжо шмат вучэньняў «Захад» і «маюць адпаведны досьвед», заявіў міністар замежных спраў краіны Кястуціс Будрыс у інтэрвію радыё LRT 9 красавіка.

Словы Кястуціса Будрыса прыводзіць Lietuvos rytas. Як цьвердзіць кіраўнік літоўскага замежнапалітычнага ведамства, у Вільні ведаюць, як гэтыя вучэньні «пачынаюцца і плянуюцца, што такое актыўная фаза і схаваныя вучэньні»: «Маштаб заўсёды ў некалькі разоў большы, чым заяўлены».

«Таксама будзе шмат неабвешчаных вучэньняў, аб’яднаных у адзін агульны сцэнар. На аснове гэтага мы зможам зрабіць высновы аб тым, да чаго рыхтуецца Расея: ці павысіць апэратыўную сумяшчальнасьць зь Беларусьсю, як гэта рабілася раней, ці патрэнавацца ў пэўных уроках, вынесеных з Украіны, зь іншымі сіламі і паглядзець, як гэта можна накіраваць супраць NATO, ці паслаць нам моцны сыгнал, ці падрыхтавацца да іншых магчымых сцэнароў», — працягнуў ён.

Паводле словаў міністра, Літва гатовая рэагаваць на магчымыя парушэньні або інцыдэнты на мяжы падчас манэўраў.

«Тут пасыл таксама ўсім вельмі ясны — Літва або іншыя краіны Балтыі абавязкова хутка адрэагуюць на якія-хаця сытуацыі, і мы дакладна ня будзем траціць некалькі тыдняў на стварэньне рабочай групы, іх ацэнку і напісаньне нейкіх высноваў або рэкамэндацый. Мы будзем дзейнічаць неадкладна, і мы да гэтага гатовыя», — сказаў Будрыс.

На тэрыторыю краін NATO «ня раз падалі бесьпілётнікі або ракеты, мелі месца іншыя парушэньні», адзначыў міністар: «У нас ёсьць пратаколы, ёсьць працэдуры рэагаваньня. Вядома, першае, што трэба зрабіць, — ацаніць, што гэта: ці выпадаковасьць, ці памылка, ці менавіта інцыдэнт або акт агрэсіі».

Як падкрэсьліў Будрыс, Паўночнаатлянтычны альянс павінен люстэркава рэагаваць на рост колькасьці войскаў Расеі і Беларусі падчас вучэньняў, «каб Расея не стварала сабе спрыяльных умоваў для якіх-небудзь дзеяньняў супраць блёку».

  • Раней LRT паведаміла, што літоўскія вайскоўцы, грунтуючыся на выведных зьвестках ад усяго блёку NATO, пакуль ня бачаць дадатковых ваенных пагрозаў для Літвы ў часе сёлетніх вучэньняў «Захад» у Беларусі. Яны сьцьвярджаюць, што, як і летась, галоўнай пагрозай будуць рызыкі «ненаўмысных інцыдэнтаў».
  • У кастрычніку летась міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў вучэньні «Захад-2025» «галоўнай падзеяй». Паводле яго, яны створаць умовы для «далейшага ўдасканаленьня дзейнай сыстэмы забесьпячэньня вайсковай бясьпекі Саюзнай дзяржавы».
  • У студзені начальнік дэпартамэнту міжнароднай вайсковай супрацы — памочнік міністра абароны Валеры Равенка паведаміў, што да манэўраў плянуецца прыцягнуць больш за 13 тысяч чалавек.
  • 30 студзеня начальнік абʼяднанага штабу (АДКБ) заявіў, што, акрамя манэўраў «Захад-2025», у верасьні на беларускай тэрыторыі павінны прайсьці вучэньні «Ўзаемадзеяньне-2025» — з Калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня, «Пошук-2025» — зь сіламі і сродкамі выведкі й матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня.
  • Менск рэгулярна праводзіць з Масквой сумесныя вайсковыя вучэньні, у тым ліку стратэгічныя.
  • Расейскія войскі, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022» (10–20 лютага), пасьля іх заканчэньня не былі зь яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG