Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ў сакавіку зьнізіўся продаж новых аўтамабіляў


Зборка аўтамабіляў Geely на прадпрыемстве BelGee каля Жодзіна. Архіўнае фота
Зборка аўтамабіляў Geely на прадпрыемстве BelGee каля Жодзіна. Архіўнае фота

У Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі зьвязваюць гэтую сытуацыю зь зьменамі ўмоваў фінансаваньня, якія часова паўплывалі на актыўнасьць пакупнікоў.

У Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі паведамілі, што ў першым квартале 2025 году прадалі больш за 13 тысяч новых аўтамабіляў, што ў 1,7 раза больш адпаведнага пэрыяду летась.

«Аднак сакавік унёс невялікую карэкцыю — продажы праз дылераў зьнізіліся на 6,9% у параўнаньні зь лютым. Найбольш заўважна запаволіўся попыт на „зялёныя аўтамабілі“ — іх доля зьнізілася ніжэй за 12% у сукупным сакавіцкім продажы легкавых аўтамабіляў», — адзначаецца на сайце арганізацыі.

У асацыяцыі зьвязваюць гэтую сытуацыю зь зьменамі ва ўмовах фінансаваньня, якія часова паўплывалі на актыўнасьць пакупнікоў.

Лідэрамі продажу ў студзені–сакавіку 2025 году сталі маркі Belgee/Geely (з рынкавай часткай 42%) і LADA (з часткай 33%). Агулам на гэтыя брэнды прыпадае 75% продажу новых легкавых аўтамабіляў.

Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, у тым ліку зь беларускай тэрыторыі, а таксама ў сувязі з падтрымкай рэжымам Лукашэнкі гэтай вайны больш за паўтары сотні замежных кампаній і сэрвісаў спынілі ці абмежавалі працу ў Беларусі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG