Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На бацькоў арыштаваных удзельнікаў гурту Litesound таксама завялі крымінальныя справы. У ІЧУ бацька сьпевакоў перанёс інсульт


Дзьмітры і Ўладзімер Каракіны
Дзьмітры і Ўладзімер Каракіны

У 2020 годзе ўдзельнікі гурту Дзьмітры і Ўладзімер Каракіны падтрымалі пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, летась яны выступілі супраць нападу Расеі на Ўкраіну.

Паводле тэлеграм-каналу by_culture, у кастрычніку 2022-га затрымалі ўсю сям’ю Каракіных: братоў-музыкаў гурту Litesound Дзьмітрыя і Ўладзімера, іх маці Вольгу і бацьку Юрыя. Раней паведамлялася толькі пра затрыманьне братоў.

На ўсіх завялі крымінальныя справы паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). У іх знайшлі сямейнае фота на праезнай частцы падчас аднаго зь мірных нядзельных маршаў 2020-га.

У ІЧУ ў Юрыя Каракіна адбыўся інсульт, цяпер ён дома. Астатніх сямейнікаў трымаюць у СІЗА на Валадарскага. Як мяркуецца, суд над усімі чацьвярымі пройдзе ў канцы студзеня.

Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал у кастрычніку 2022 году паведаміў пра затрыманьне беларускіх удзельнікаў «Эўравізіі» 2012 году.

Праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што іх затрымліваў ГУБАЗіК пры падтрымцы САХР.

«Гурт Litesound трапіў на „Эўравізію“ толькі дзякуючы дапамозе ўладаў у справядлівым падліку галасоў. А ў 2020-м з трыбухамі прадаліся прайдзісьветам, спрабуючы хайпануць», — лічыць пралукашэнкаўскі тэлеграм-канал і паведамляе, што братоў Дзьмітрыя і Ўладзімера Каракіных затрымліваў САХР.

Паведамлялася, быццам у доме знайшлі «невялікі арсэнал незарэгістраванай зброі і боепрыпасаў, які належыць бацьку сьпевакоў».

Што вядома пра гурт Litesound

  • Заснаваны ў 2005-м братамі Каракінымі гурт Litesound ня раз удзельнічаў у міжнародных эстрадных фэстывалях і конкурсах.
  • Гурт Litesound — удзельнік «Эўравізіі-2012».
  • У 2012 гурт не прайшоў у фінал «Эўравізіі», аднак атрымаў Eurostar Award у выніку онлайн-галасаваньня.
  • У 2020 Дзьмітры і Ўладзімер Каракіны падтрымалі пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, стварылі некалькі трэкаў па-беларуску.
  • Летась музыкі выступілі супраць нападу Расеі на Ўкраіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG