Ксёндз Акалатовіч адзначыў 65-годзьдзе ў зьняволеньні
Ксёндз Генрых Акалатовіч, асуджаны на 11 гадоў зьняволеньня па абвінавачваньні ў «здрадзе дзяржаве», перадаў вестку з-за кратаў. Гэта адбылося напярэдадні яго 65-годзьдзя, якое сьвятар адзначыў 8 красавіка ў СІЗА Менска, піша katolik.life.
Ксёндз Генрых паведаміў, што яго абвінавацілі ў «шпіянажы на карысьць Польшчы і Ватыкана», што зьяўляецца «грубай правакацыяй». Сьвятар падкрэсьліў, што ніколі ня быў нічыім шпіёнам, што ён слуга Бога, а судзяць не яго, а «ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі».
Паводле сьвятара, у ягонай справе «няма ні слова праўды, ні аднаго факту, які выкрывае яго ў шпіянажы, а ўсё абвінавачваньне будуецца на хлусьні, пагрозах і шантажы». Ксёндз падкрэсьліў, што зь дзясяткаў сьведкаў, сярод якіх ёсьць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто ня даў супраць яго «выкрывальных паказаньняў».
У яго паведамленьні таксама ідзе гаворка аб няправільным перакладзе яго тэксту ў матэрыялах справы, верагодна, нейкага ліста на польскай мове. Таксама згадваюцца экспэрты зь Міністэрства абароны.
Сальмановіча, якому ў калёніі выдалілі жаўцяк, перавялі ў турму
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што палітзьняволенага Дзяніса Сальмановіча перавялі ў турму № 4 у Магілёве.
Раней ён адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 3 «Віцьба». Апошнім часам яго трымалі ў штрафным ізалятары, нягледзячы на праблемны стан здароўя.
Берасьцейскі абласны суд 30 верасьня 2022 году прысудзіў Дзянісу Сальмановічу пазбаўленьне волі на 10 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Што вядома пра Сальмановіча
У студзені 2025 году ў віцебскай калёніі палітвязьня Дзяніса Сальмановіча зьмясьцілі ў штрафны ізалятар (ШЫЗА) праз тыдзень пасьля апэрацыі выдаленьня жаўцяка. Паводле маці асуджанага, гэта адбылося адразу пасьля званка сына дамоў.
Дзяніса Сальмановіча затрымалі ў кастрычніку 2021 году і праз год асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня. Паводле «Вясны», сілавікі называлі Дзяніса «галоўным візуальным рэдактарам» ролікаў «Кібэрпартызанаў» і «Супраціву». Яго асудзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з ч. 2 артыкулу 290-4 («Стварэньне арганізацыі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або ўдзел у ёй»).
Прысуд Дзянісу Сальмановічу выносіў судзьдзя Андрэй Лешчанка.
Дзянісу Сальмановічу 34 гады. Ён жыў у Менску, паводле матэрыялаў суду, браў удзел у пратэстах у сталіцы, аднак судзілі мужчыну ў Берасьцейскім абласным судзе. Два гады таму Дзяніса Сальмановіча перавялі ў ПК-3 у Віцьбе.