Як паведаміла выданьне «Белорусы и рынок», кіраўніком кампаніі, якая будзе займацца «дзейнасьцю холдынгавых кампаній», стаў Іван Марозаў. Ён таксама прадстаўляе інтарэсы Чыжа ў судовых працэсах з кіраўніцтвам і акцыянэрамі малочнага заводу «Море» (Геленджык), у якім 38,33% акцый належаць Юрыю Чыжу.
Юры Чыж праз суд патрабаваў зьмены статута і наданьня яму фінансавых справаздач, але ўсе гэтыя пазовы былі адхіленыя. Яшчэ па адным пазове — аб прызнаньні нядзейнасьці апэрацыі па продажу Марынай Масолавай сваіх 12,8 % акцый прадпрыемству — суды першай і апэляцыйнай інстанцыі ўхвалілі рашэньне не на ягоную карысьць. Цяпер Чыж спрабуе перагледзець гэтае рашэньне ў акруговым апэляцыйным судзе.
Выручка кампаніі «Море», якая ў 2023 годзе выйшла з банкруцтва, летась склала 3,3 мільёна расейскіх рублёў (120 285 беларускіх рублёў у эквіваленце. — РС). Пры гэтым, паводле выданьня, страты прадпрыемства павялічыліся.
Яшчэ адна расейская кампанія Юрыя Чыжа «ТГМ Майнинг» таксама з стратамі завяршыла 2024 год.
Бізнэсовец мае ў Расеі яшчэ адну кампанію — «Вивайт» (у 2024 годзе не працавала) і частка ў 0,5% у кампаніі «Белаз-Поморье», якая займаецца падрыхтоўкай участкаў да распрацоўкі і здабычы карысных выкапняў і кантралюецца адным зь яго сыноў — Уладзімірам Чыжом, зь якім Юры Чыж судзіцца. Але і гэтая кампанія па выніках 2024 году таксама мела страты.
- Беларускі бізнэсовец Юры Чыж лічыўся «кашальком» Аляксандра Лукашэнкі. Атрымаўшы ад дзяржавы доступ да таннай расейскай нафты, ён раней з дапамогай свайго партнэра ўсяго за паўтара года зарабіў больш як пяць мільярдаў даляраў на маніпуляцыях з растваральнікамі і разбаўляльнікамі. Аднак пазьней бізнэсовец трапіў у няласку да Лукашэнкі.
- У сакавіку 2021 году Юрыя Чыжа затрымалі па вяртаньні з Масквы. Разам зь ім затрымалі кіраўнікоў некалькіх кампаній — тых, што засталіся ў бізнэсоўца пасьля разгрому ягонай імпэрыі. Прэтэнзіі ў сілавікоў тады ўзьніклі да топ-мэнэджмэнту «Кварцкрэйдапраму» — прадпрыемства ў Маларыцкім раёне, якое забясьпечвала крэйдай бярозаўскі завод будаўнічых матэрыялаў (таксама належыць Чыжу). Пасьля прыйшлі і ў «НафтаХімТрэйдынг» — адзін з апошніх бізнэсаў Чыжа, які тады пасьпяхова працягваў працаваць. У сеткі з 11 заправак, тры зь якіх у Менску, перад гэтым забралі ліцэнзію на продаж паліва.
- На судзе ў лютым 2023 году Юрыя Чыжа прызналі вінаватым у легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ў махлярстве, і прысудзілі 3,5 года зьняволеньня. Як вынікае з прысуду, ад адбываньня тэрміну ў калёніі Юрыя Чыжа вызвалілі — ужылі амністыю і залічылі ў тэрмін пакараньня тое, што ён ужо адседзеў. Па некаторых выстаўленых раней абвінавачаньнях Чыжа памілавалі. Бязь зьменаў пакінулі забарону на выезд зь Беларусі.
- Пасьля гэтага ранейшы блізкі сябар Лукашэнкі пачаў адчуваць цяжкасьці са сваім маштабным бізнэсам. Фінансавыя разборкі закранулі зьвязаную зь ім кампанію «Трайпл», а таксама «Простормаркет», які належыць сям’і Чыжа. Рашэньне аб ліквідацыі другой кампаніі, якая разьвівала гандлёвую сетку ProStore, прынялі ў сьнежні 2020 году на сходзе акцыянэраў.
- Частку нерухомасьці і актываў кампаніяў прадпрымальніка выставілі на продаж. Сярод іх — кавярня «Залаты грабеньчык» і гарналыжны комплекс «Лагойск».
Форум