Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці перад навучэнцамі каледжа правялі паказальны суд за абразу Лукашэнкі


Выязное судовае паседжаньне суда Маскоўскага раёну Берасьця ў крымінальнай справе за «публічную абразу» Лукашэнкі
Выязное судовае паседжаньне суда Маскоўскага раёну Берасьця ў крымінальнай справе за «публічную абразу» Лукашэнкі

2 красавіка ў памяшканьні Політэхнічнага каледжу Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэта ў прысутнасьці навучэнцаў правялі паказальны суд над мужчынам паводле палітычнага артыкулу.

Падчас выязнога судовага паседжаньня суда Маскоўскага раёну Берасьця судзьдзя Марыя Аліфярук разглядала крымінальную справу супраць берасьцейца, якога абвінавацілі ў «публічнай абразе» Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), паведамляе прэс-служба суда. У чым менавіта заключалася гэта «публічная абраза», у прэс-службе не ўдакладнілі. Іншыя падрабязнасьці справы і абвінавачаньня таксама не агучваюцца.

Берасьцейцу «з улікам прызнаньня сваёй віны» прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі» (абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).

У прэс-службе суда гэты паказальны суд перад навучэнцамі назвалі «прафіляктычным мерапрыемствам», галоўная мэта якога нібыта «зьберагчы непаўналетніх ад неабдуманых учынкаў, адказнасьць за зьдзяйсьненьне якіх вызначаная Крымінальным кодэксам». Ведамства апублікавала фота выязнога паседжаньня ў каледжы.

Гэта ўжо ня першы выпадак паказальных арыштаў і судоў у навучальных установах, раней такія суды праходзілі ў тым ліку над навучэнцамі.

  • У Беларусі дагэтуль працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненьні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году, а таксама супраць апанэнтаў дзейнага рэжыму Лукашэнкі і наогул іншадумцаў. Агулам праваабаронцам «Вясны» на канец сакавіка было вядома пра сама меней 8 147 чалавек, якія сутыкнулася з крымінальным перасьледам паводле палітычных матываў з 2020 году. У дачыненьні да прынамсі 6,8 тысяч чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды. Сама меней 33 чалавекі паводле палітычных матываў суды накіравалі на прымусовае лекаваньне.
  • Па стане на 8 красавіка ў Беларусі сама меней 1202 палітвязьні, прызнаныя такімі праваабарончай супольнасьцю; рэальная колькасьць зьняволеных паводле палітычных матываў можа быць значна большай.
  • Адвольныя затрыманьні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў працягваюцца Толькі ў сакавіку 2025 года «Вясна» зафіксавала 209 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсіяў (у тым ліку затрыманьні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу, зь іх 44 — па адміністрацыйных справах. Скарачэньне вядомых выпадкаў рэпрэсіяў зьвязана ў асноўным са спыненьнем доступу да раскладу судоў, якая часта была адзінай афіцыйнай крыніцай падобнай інфармацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG