Днямі апэратыўнікі цэнтральнага апарату і абласных упраўленьняў ГУБАЗіК правялі шэраг затрыманьняў у розных рэгіёнах Беларусі.
У выніку ў семярых жыхароў Менскай, Віцебскай і Горадзенскай абласьцей канфіскавана:
- 7 адзінак наразной агнястрэльнай зброі;
- 10 адзінак гладкаствольнай зброі;
- больш за 1,3 тысячы патронаў рознага калібру;
- армейскі выбух-пакет;
- ня менш за 1,3 кг пораху;
- складовыя і запасныя часткі да агнястрэльнай зброі розных мадыфікацый.
Па ўсіх прадметах праводзяцца экспэртызы, дзеяньням іх уладальнікаў будзе дадзена прававая ацэнка, заявілі ў ГУБАЗіК.
Таксама сілавікі паведамілі, што ў дачыненьні дваіх жыхароў Добрускага раёну Гомельскай вобласьці сьледчыя пачалі крымінальныя справы за незаконныя дзеяньні ў дачыненьні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. У фігурантаў канфіскавалі наразную вінтоўку, абрэз і 96 патронаў. Ім пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
Паводле закону, у выпадку добраахвотнай выдачы зброі і яе частак падчас адмысловых апэрацый па здачы грамадзяне вызваляюцца ад крымінальнай адказнасьці.