Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча ўвяла электронны кантроль за рэкамі на мяжы зь Беларусьсю


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік каля мяжы зь Беларусьсю
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Польскі памежнік каля мяжы зь Беларусьсю

Пра пачатак эксплуатацыі электроннай загароды на ўчастках рэк Істачанка і Сьвіслач у Падляскім ваяводзтве на мяжы зь Беларусьсю паведаміла 6 красавіка ў сацыяльнай сетцы X Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

«Увесь участак польска-беларускай мяжы ў Падляскім ваяводзтве ўжо знаходзіцца пад сучасным маніторынгам», — адзначыла ведамства.

5 лютага прэс-сакратар Памежнай аховы Польшчы Анджэй Юзьвяк паведаміў пра завяршэньне мантажу электроннай загароды на гэтым участку мяжы. Паводле яго, на рэках Істачанка і Сьвіслач устанавілі больш за 500 слупоў і 1,3 тысяч камэраў назіраньня, таксама пабудавалі ўсе падсыстэмы, сілавыя злучэньні і валаконна-аптычныя лініі перадач.

Пабудаваць электронную загароду вырашылі ў сувязі са шматлікімі спробамі перасячэньня польска-беларускай мяжы праз памежныя рэкі. Кантракт на будаўніцтва электроннай загароды быў падпісаны ў канцы лютага 2024 году. У праект уклалі 85 мільёнаў злотых (каля 19,55 млн эўра). Даўжыня бар’ера складае каля 47 кілямэтраў.

У 2022 годзе на мяжы зь Беларусьсю паставілі сталёвы бар’ер даўжынёй 186 км і вышынёй 5,5 мэтра — гэта асноўны элемэнт абароны польска-беларускай мяжы ад нелегальнай міграцыі. Яго дапаўняе электронны барʼер даўжынёй 206 км у Падляскім ваяводзтве, але ён не ахопліваў рачных участкаў. Цяпер у Польшчы таксама праводзяць мадэрнізацыю гэтага раней пабудаванага барʼера, яе плянуюць завяршыць да канца лютага 2025 году. У рамках мадэрнізацыі паставяць дадатковыя камэры назіраньня за тэрыторыяй, што за мэталічным плотам, сьвятладыёдныя ліхтары для асьвятленьня дарогі і дадатковыя камэры для мацаваньня водапрапускных трубаў.

  • З пачатку 2025 году, паводле падлікаў «Позірку», Польшча спыніла сама меней 4,1 тысячы спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі. Дэталёвы аналіз ускладнены ў сувязі тым, што Памежная ахова ў апошнія месяцы публікуе прыблізныя лічбы, якія разыходзяцца са зьвесткамі іншых краін Эўразьвязу, якія суседнічаюць зь Беларусьсю. Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы спыніла 221 такую спробу, Дзяржаўная памежная ахова Латвіі — 476.
  • За 2024 год Літва, Латвія і Польшча агулам спынілі 36,3 тысячы спробаў незаконнага пранікненьня мігрантаў зь беларускай тэрыторыі.
  • У чэрвені 2024 году на польска-беларускай мяжы ў сувязі з узмацненьнем міграцыйнага ціску стварылі так званую буфэрную зону. Яна пачала дзейнічаць з 13 чэрвеня і была створаная на 90 дзён, пасьля тэрмін яе дзеяньня неаднойчы падаўжалі. Даўжыня буфэрнай зоны — 60,67 км, шырыня — ад 200 м да 2 км. На працягу 44 км буфэрная зона ахоплівае 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы. Заезд у буфэрную зону забаронены. Абмежаваньні на перамяшчэньне і знаходжаньне ўнутры буфэрнай зоны ўведзеныя ў 27 населеных пунктах Гайнаўскага і Беластоцкага паветаў Падляскага ваяводзтва, якое мяжуе зь Беларусьсю.
  • З 1 жніўня 2024 году польская армія таксама праводзіць апэрацыю «Бясьпечнае Падляшша», у межах якой для садзейнічаньня памежнікам, якія ахоўваюць мяжу зь Беларусьсю, накіравалі некалькі тысяч вайскоўцаў.
  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве. 3 кастрычніка 2024 году міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк прызнаўся, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю стала «адным з самых сур’ёзных крызісаў» для польскай дзяржавы і «велізарным выклікам» для яго самога.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG