Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі перагледзелі сыстэму адзнак у двух школьных прадметах. Што зьменіцца і калі


З 1 верасьня 2025 году ў беларускіх школах зьменіцца сыстэма ацэньваньня дыктовак, праверачных і творчых работ у беларускай і расейскай мовах — да памылак вучняў будуць ставіцца мякчэй. Адпаведная пастанова зьявілася на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале.

Так, вучні пачатковай школы (1–4-я клясы) пры адной нягрубай памылцы ў слоўнікавай дыктоўцы зь беларускай і расейскай моваў цяпер змогуць атрымаць «9». Раней «дзявятку» ставілі, калі памылак няма зусім, але ёсьць адно выпраўленьне на месцы нягрубай памылкі. Ацэнку «7» паставяць за дзьве памылкі (раней за адну), «6» — за тры памылкі (раней за дзьве), «5» — за 4 памылкі (раней за тры), «4» — за 5 памылак (раней за 4), «3» — за 6 памылак (раней за 5), «2» — за 7 памылак (раней за 6).

Такія ж патрабаваньні прынялі і для вучняў сярэдняй і старэйшай школы ў 5–11 клясах. Да гэтага вучняў 5–11 клясаў ацэньвалі паводле стражэйшых нормаў. Напрыклад, дзевяціклясьнік, які дапусьціў адну нягрубую памылку ў дыктоўцы, атрымае 9 балаў, а не 8, як раней.

Таксама зьмяніліся нормы ацэнкі тэкставай дыктоўкі і творчых работ вучняў у беларускай і расейскай мовах.

У Міністэрстве адукацыі Беларусі патлумачылі, што мэта гэтых зьменаў — зьнізіць стрэс для дзяцей, якія часта трацяць балы з прычыны дробных памылак. Настаўнікі адзначаюць, што раней нават акуратныя выпраўленьні маглі паўплываць на выніковую адзнаку, што дэматывавала вучняў. Цяпер акцэнт зьмяшчаецца з фармальнага падліку памылак на агульную якасьць працы. Настаўнікам рэкамэндуюць глядзець ня толькі на колькасьць памылак, але і на іх характар: так, памылкі друку, неістотныя апіскі ці прапушчаныя кропкі — гэта нягрубыя памылкі, а вось скажэньні артаграмаў або няправільны перанос слова ўжо лічацца грубымі памылкамі, піша lifenews.by.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG