Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэйкаваму партызану», якому пры затрыманьні прастрэлілі калені, далі 16 гадоў зьняволеньня


Віталь Мельнік
Віталь Мельнік

Менскі абласны суд, які праходзіў у закрытым рэжыме ад 5 сьнежня, асудзіў на 16 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму «рэйкавага партызана» Віталя Мельніка, якому пры затрыманьні сілавікі прастрэлілі каленныя суставы. Яму таксама прысудзілі 300 базавых велічыняў (9600 рублёў) штрафу. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал dissidentby.

Працэс вяла судзьдзя Анжаліка Данілава, паведамлялі праваабаронцы.

У чым абвінавачвалі Мельніка?

Сьледзтва канчаткова выставіла абвінавачаньне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін);
  • ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);
  • ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
  • ч. 3 арт. 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, зьдзейсьненыя групай асоб, альбо паўторна);
  • ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму).

Па сукупнасьці пакараньняў за выстаўленыя абвінавачаньні яму пагражала зьняволеньне ад 10 да 20 гадоў.

Што паведамляла пракуратура?

Крымінальная справа знаходзілася ў вядзеньні Сьледчага камітэта, які ўстанавіў, што 40-гадовы Віталь Мельнік у сакавіку 2022 году на чыгуначным перагоне Навасады — Барысаў падпаліў рэлейную шафу сьвятлафора аўтаматычнага блякаваньня, чым вывеў са строю сыстэму сыгналізацыі чыгункі. Гэта нібыта стварыла рэальную пагрозу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджаньня рухомага складу, гібелі альбо траўмаваньня людзей.

Заяўлялася, што ў ходзе папярэдняга сьледзтва ўстаноўлена дачыненьне абвінавачванага да іншых злачынстваў.

Так, паводле пракуратуры, у аўтамабілі і па месцы жыхарства мужчыны была выяўленая незарэгістраваная агнястрэльная зброя (пісталеты). У сацыяльных сетках ён нібыта неаднаразова публічна абражаў Лукашэнку.

«Пры затрыманьні фігуранта супрацоўнікі органаў унутраных спраў абгрунтавана ўжылі агнястрэльную зброю — выстралілі па яго ніжніх канцавінах», — гаварылася ў паведамленьні пракуратуры.

Хто такі Віталь Мельнік

Вядома, што Мельнік жыў у вёсцы Хадакова Менскага раёну, мае маленькае дзіця. Сямʼя лічыць, што Віталь ня мае дачыненьня да выстаўленых артыкулаў, і зьвязвае яго затрыманьне з помстай мясцовага судзьдзі, а таксама тым, што раней у Віталя была судзімасьць.

Доўгі час праваабаронцам не было вядома, дзе ўтрымліваюць Мельніка. Пазьней высьветлілі, што абвінавачаны знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарскага. Перасоўваецца мужчына на мыліцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG