Па франшызе, выдадзенай рэстаранам, у Рэспубліцы Беларусь працавала кампанія «КСБ Віктары Рэстараны». Уласьнік — сваяк былога казаскага прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева Кайрат Баранбай. Цяпер у Казахстане Баранбай апынуўся пад сьледзтвам.
Як паведамляюць крыніцы «Нашай нівы», цяпер прыглядаць за кампаніяй паставілі блізкага да Лукашэнкі бізнэсоўца Аляксея Алексіна. Наверсе нібыта ёсьць устаноўка не пускаць на рынак расейцаў.
56-гадовы Алексін — мультымільянэр, які займаецца апэрацыямі з нафтай і нафтапрадуктамі, а таксама тытунём. Манапольная сетка продажу цыгарэт «Табакерка» належыць «Энэрга-оілу» Алексіна. Менавіта гэты алігарх атрымаў эксклюзіўнае права прадаваць прадукцыю дзяржаўнай Горадзенскай тытунёвай фабрыкі, якую у якасьці кантрабанды рэгулярна затрымліваюць мытныя органы краін Эўразьвязу.
Лукашэнка ў страце шэрагу замежных інвэстараў ня бачыць праблемы.
«Прадпрыемствы, якія былі заснаваныя замежным інвэстарам або прыватызаваныя і замежны інвэстар атрымаў гэтыя прадпрыемствы, а сёньня (гэта ў асноўным зь „недружалюбных“ краін і іншых) пайшлі, — памахайце ім рукой, перахрысьціцеся, што яны пакінулі вам уласнасьць. Усё ж ёсьць. Ігар Пятровіч (кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка), я ж вам на прыкладзе „Макдоналдса“ гэта гаварыў. Працаваў і працуе. І людзі прыходзяць. І прадукцыю вырабляюць нармальную.
Але гэта наша ўжо прадпрыемства. Не захацелі працаваць — ну як хочаце. Нашы людзі не дурнейшыя, каб, як я казаў, гэтую булачку разрэзаць і ўпіхнуць туды ліст салаты або кавалак кілбасы. Яны ж з сабой нічога не забралі. Але калі б забралі, то я б паздымаў галовы з адказных людзей. Ніхто нічога не павінен забраць. Вы не павінны гэтага дапусьціць».
Вытворчасьць застаецца, а значыць, павінны застацца і прадпрыемствы, лічыць Лукашэнка, якога цытуе БелТА. Працэс зьмены ўласьніка, на яго думку, ужо адбыўся.
«Сыходзяць нейкія там украінскія, польскія ці фінскія гаспадары — людзі застаюцца, тэхналёгіі застаюцца, вытворчасьць існуе. Якую зьмену ўласьніка? Я вам даў указаньне: пайшлі гаспадары — да пабачэньня, мы вас ня знаем, вы нас знаць ня хочаце. З гэтага моманту прадпрыемства нацыяналізаванае. Што мы яшчэ чакаем, якой зьмены ўласьніка, і як мы будзем вырашаць пытаньне ва ўрадзе па паўгода, па годзе?!»
Выказаўся Лукашэнка і пра швэдзкую кампанію IKEA, ён таксама не шкадуе пра яе сыход.
«Ах, „ІКЕА“!.. Да пабачэньня! Мы гэтыя зэдлічкі, крэслы і іншае зробім. Ці дэталі для ложкаў. Яны ж у асноўным дэталі для кухні, для ложкаў, мэблі рабілі. Што, мы ня можам зрабіць? Тым больш яны ж нічога не забралі і людзі засталіся. Пайшоў гаспадар — ну і ідзі. На рынку попыт прыстойны, на тым жа рынку ў Расеі, Беларусі і гэтак далей мы можам вырабляць гэтыя дэталі і ім пастаўляць, як пастаўлялі».
IKEA ў лістападзе выкрылі ў выкарыстаньні працы беларускіх палітвязьняў: францускія і нямецкія журналісты прывялі сабраныя доказы, чым выклікалі хвалю абурэньня супраць кампаніі ад беларусаў замежжа і салідарных зь імі.