Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Драбілі дошкі на трэскі, пасьля іх адпраўлялі ў Эўропу». Былыя палітвязьні расказваюць пра сваю працу ў беларускіх калёніях


Папраўчая калёнія №13 у Глыбокім. Архіўнае фота
Папраўчая калёнія №13 у Глыбокім. Архіўнае фота

Нямецкія і францускія журналісты выпусьцілі расьсьледаваньне аб дзейнасьці IKEA у Беларусі. У ім гаворыцца, што канцэрн супрацоўнічаў з беларускімі пастаўшчыкамі, якія выкарыстоўвалі працу зьняволеных. Свабода пагутарыла з былымі вязьнямі аб прымусовай працы.

«Там кувалдай адбівалі сабе і іншым ногі, рукі, галаву»

Свае вытворчыя цэхі ёсьць у кожнай беларускай калёніі. У асноўным гэта швейная, абутковая вытворчасьць, дрэваапрацоўка. З 2015 году зьявілася новая «праца» — абдзіраць ізаляцыю з правадоў, здабываць медзь і алюміній. Гэтую працу, па словах былых вязьняў, прыдумалі адмыслова для «наркаманаў». Гэта значыць тых, хто адбывае тэрмін на артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу. Цяпер многія вязьні працуюць на «кабэлі». Яны кажуць, што гэтая праца вельмі цяжкая. Заробкі ж на «кабэлі» — 50-70 капеек за месяц.

Наш суразмоўца Максім (імя зьмененае. — РС) адбываў пакараньне паводле палітычнага артыкулу ў калёніі ў Глыбокім.

«Ніякай кваліфікаванай працы ў зоне не было. На працу гналі ўсіх, апроч пэнсіянэраў і інвалідаў. Рэзаць кабэлі, разьбіваць электраматоры. Карацей, здабываць для краіны каляровы мэтал — алюміній, медзь. За мэтал людзі атрымлівалі нават па 70 капеек (за месяц працы. — РС). Бо вылічвалі. У некага кампэнсацыі, іншым вылічвалі за ежу, вопратку, лазьню і на «фонд калёніі», — кажа Максім.

Ён расказвае, што пра спэцвопратку гаворка не ішла.

«У чым хадзілі, у тым і працавалі. Гэта выглядала так: вялізны, вельмі брудны цэх. Туды заяжджае грузавік і высыпае кабэлі, электраматоры. Са сьметнікаў нейкіх. І вось на гэтай гары мітусяцца „зэкі“. У дыме, у брудзе. Бо кабэлі цяжка разьбіраць, таму іх абпальвалі. І вось „зэкі“ лазяць па гэтай гары з кувалдамі і выдзіраюць там алюміній», — кажа былы вязень.

Ён лічыць гэта «канцлягерам, катаваньнем і зьдзекамі».

«Траўматызм там быў вялікі. Бо пры мне ў чалавека адляцела кувалда і разьбіла яму ўвесь твар, у яго быў пералом сківіцы. Чалавека завезьлі ў горад, так-сяк зашылі і прывезьлі назад. То адзін другому кувалдай незнарок стукне па назе ці руцэ. Там і косткі разьбівалі, трушчылі. Зрабілі неяк самаробны станок, нешта там рабілі на ім для міліцыі. Штосьці зьляцела са станка і хлопцу руку пераламала», — кажа Максім.

Ён дадаў, што ні пра тэхніку бясьпекі, ні пра чалавечыя ўмовы працы «там проста ня чулі».

«Сваячка за месяц зарабляе 10 рублёў»

Сваячка Марыны (імя зьмененае. — РС) адбывае пакараньне ў жаночай калёніі ў Гомлі. Спэцыяльнае прадпрыемства там займаецца ў асноўным тым, што шые вопратку для міліцыі, пракуратуры, спэцвопратку, пасьцельную бялізну. Асаблівасьцю было тое, што нядаўна жанчыны шылі шапкі для вайскоўцаў.

«Я ня ведаю, для якіх менавіта вайскоўцаў але сваячка была занятая на гэтай вытворчасьці. Працуе яна сем дзён на тыдзень. Мае адзін выходны раз на два тыдні. Зьмены — з 6 раніцы да 15 гадзін. Наступная — з 15:00 да 21:30. Вядома, праца цяжкая, а адмовіцца ад яе нельга», — кажа Марына.

За месяц яе сваячка атрымлівае заробак каля 10 рублёў.

«Заробкі на зоне — ад 2 рублёў 50 капеек да 5 рублёў за месяц»

Вязьні ў шклоўскай калёніі працуюць на швейнай, абутковай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці і на «кабэлі».

«Дрэваапрацоўка — гэта пілаваць бярвёны. Улетку 2022 году пачалі рабіць скрынкі для боепрыпасаў. Ня ведаю дакладна, для беларускага войска ці для расейскага. Скрынкі былі чорныя і зялёныя. Шыюць абутак. У асноўным спэцыяльны, для прамысловай вытворчасьці. Адзеньне — у асноўным гэта форма для кадэтаў, курсантаў, пракуратуры. Але шыюць і на заказ. Напрыклад, ёсьць такое сьветлагорскае прадпрыемства „Сьветлатэкс“. Для іх шылі адзеньне. Яны прыяжджалі і толькі набівалі адмысловым пісталетам свае біркі „Сьветлатэкс“. Што нібыта гэтае адзеньне шылі яны, а ня зэкі са шклоўскай калёніі», — распавёў Сяргей. Ён нядаўна адбыў пакараньне па палітычным артыкуле.

Сяргей кажа, што швейная і абутковая прамысловасьць — гэта «эліта». Там можна зарабіць ад 2 з паловай да 5 рублёў за месяц.

«На дрэваапрацоўцы можна разьлічваць на 53-57 капеек за месяц. Самая цяжкая праца — на „кабэлі“. Праца брудная, на холадзе, за капейкі», — кажа Сяргей.

На зоне існуюць свае паборы — «на фонд атраду».

«Загадчык гаспадаркі цябе схіляе, каб ты напісаў заяву, што ты ад чыстага сэрца хочаш дапамагчы калёніі і пералічваеш, скажам, 50 рублёў. Гэтыя грошы ідуць на рамонт і іншае. Адмовісься — атрымаеш іншае стаўленьне. Жыцьцё табе гарантавана сапсуюць», — кажа былы вязень.

«Вязьні самі цалкам сябе забясьпечваюць»

Аляксандар адбыў пакараньне ў калёніі № 15, якая знаходзіцца ў пасёлку Вейна пад Магілёвам.

«Адразу скажу, што ніколі ня верце, калі кажуць: „Зэкі жывуць за нашы падаткі“. Гэта хлусьня. У кожнай калёніі ёсьць вытворчасьць. Зарабляюць там і 50-70 капеек, і нават тры капейкі можна на рукі атрымаць за месяц працы. У нашай калёніі была дрэваапрацоўка, у тым ліку рабілі мэблю. Толькі я ня ведаю, для каго яе рабілі. І „кабэлі“ — самая чорная і цяжкая праца. Вязьні здабываюць мэтал, калёнія яго прадае і купляе гнілую бульбу, каб карміць вязьняў. Заробкі такія, таму што ўсё сабе забірала калёнія. За ежу, вопратку, у „фонд калёніі“, на рамонт калёніі і так далей. Працуеш у адной робе. У ёй жа і ходзіш у сталоўку, і па атрадзе», — кажа Аляксандар.

Ён дадаў, што ў калёніі робяць паддоны, розныя дошкі. «Нам не даводзілі інфармацыі, куды менавіта гэта ўсё ідзе», — дадаў былы зьняволены.

У калёніі ў Вейне (ля Магілёва. — РС) адбываў пакараньне і былы палітвязень Ціхан Клюкач.

«У калёніі ўся праца прымусовая. Бо ты ня можаш выбіраць, дзе ты будзеш працаваць. Куды паставяць, туды і пойдзеш. Як правіла, палітычных з жоўтымі біркамі ставяць на самую цяжкую працу. Напрыклад, на дрэваапрацоўцы гэта — цягаць катлы кіляграмаў па 50 зь першага паверху на трэці, у цэх. Хаця б можна было разьмясьціць цэх на першым паверсе, і гэта б было лягічна. Мы займаліся трэскамі. Драбілі дошкі на трэскі. Гэта пакавалася ў мяхі. Куды потым ішло, ня ведаю. Казалі, што на ацяпленьне ў Эўропу. Але дакладна я ня ведаю», — кажа былы вязень.

Ён атрымліваў заробак ад 3 да 7 рублёў.

Ціхан кажа, што цяжка было працаваць узімку, на холадзе. «Бо роба была лёгкай, а зімовы абутак ад летняга адрозьніваўся толькі тым, што ён трохі вышэйшы. Таўшчыня падэшвы была такая ж», — дадаў былы палітвязень.

«На фэрме працоўны дзень пачынаўся ў 04:30 і заканчваўся ў 22:30»

Былы палітзьняволены Віктар Пархімчык адбываў пакараньне як на «хіміі», так і ў калёніі ў Шклове. Ён лічыць, што палітычных на «хіміі» выкарыстоўвалі «як рабоў». Ён працаваў на фэрме жывёлаводам. Працоўная зьмена магла пачынацца ў 04:30 і скончыцца ў 22:30.

«Гэта пры тым, што, паводле Працоўнага кодэксу, працягласьць працоўнага часу ня можа перавышаць 40 гадзін на тыдзень», — зазначыў Віктар.

Ён расказвае, што ад прымусовай працы палітычных на «хіміі» маюць прыбытак як кіраўніцтва калгасу (у выпадку Віктара гэта фэрма «Каралін», якая належыць да ААТ «Белавескі». — РС), так і «Савушкин продукт». На гэтае прадпрыемства звозяць малако з фэрмаў. «І ня толькі з Камянецкага раёну. „Хімія“ ёсьць і ў Бярозе», — дадаў ён.

«Што тычыцца „маёй“ фэрмы, то магу сказаць, што службовыя асобы ААТ „Белавескі“, загадчык фэрмы Эдуард Пераходзька, заатэхнік Сяргей Тарлюк па дамоўленасьці з прадстаўнікамі „хіміі“, то бок „папраўчай установы адкрытага тыпу № 45“ Раманам Бубновым і Аляксандрам Галахам арганізавалі незаконнае выкарыстаньне працы менавіта палітычных, неляяльных зьняволеных», — кажа Віктар.

Ён прадставіў графікі працы вязьняў з подпісамі асоб, якія пералічаны вышэй. «Двух палітычных перавялі на „хатнюю хімію“, бо падчас адбыцьця пакараньня яны сталі інвалідамі», — кажа былы вязень.

Ён актыўна адстойваў свае правы. Аспрэчваў, калі яго прымусілі дабірацца да фэрмы з «хіміі» 25 кілямэтраў пешкі. Таму яго перавялі ў калёнію ў Шклоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG