Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Павінен быў ехаць у рэйс ва Ўкраіну». Дальнабойніка са Стоўпцаў абвінавацілі ў акце тэрарызму


Belarus - Siarhei Hlabko
Belarus - Siarhei Hlabko

За раскладзены на чыгуначных рэйках агонь беларускаму дальнабойніку пагражае 15 гадоў турмы.

15 ліпеня стала вядома, што пракуратура накіравала ў суд справу жыхара Стоўпцаў Сяргея Глябко. Мужчыну вінавацяць у акце тэрарызму, а таксама ў наўмысным псаваньні чыгуначных шляхоў з мэтай зьдзяйсьненьня акту тэрарызму. Глябко можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўленьня волі, дата суду пакуль невядомая. Свабода пагутарыла з жыхарамі райцэнтру, якія ведаюць абвінавачанага ў акце тэрарызму асабіста, а таксама маюць інфармацыю пра акалічнасьці яго затрыманьня.

«Сяргея адразу пад варту ўзялі, — паведаміў адзін з суразмоўцаў. — На АНТ пасьля было „пакаяльнае“ відэа. Але папраўдзе было ўсё ня так, як яны давалі там. Сяргей там на эмоцыях расказваў шмат».

Паводле знаёмага Глябко, яго затрымалі, бо трапіў на камэры відэаназіраньня, усталяваныя на слупах побач з чыгункай. У паведамленьні сілавікоў, апублікаваным 15 ліпеня, гаворыцца, што Глябко расклаў вогнішча на чыгуначных шляхах, па якіх ішоў цягнік. Састаў прымяніў экстранае тармажэньне, аднак не пасьпеў спыніцца і праехаў над агнём. Ці была прычыненая нейкая шкода цягніку пры гэтым, не паведамляецца.

Як стала вядома Свабодзе, Сяргей Глябко мае траіх непаўналетніх дзяцей, ягонай старэйшай дачцэ споўнілася 15 гадоў. Ён ніколі ня быў зьвязаны з апазыцыйнымі структурамі, але з пачаткам пасьлявыбарных пратэстаў у жніўні 2020 году далучыўся да іх. За гэта атрымаў 15 сутак. Разам зь іншымі жыхарамі Стоўпцаў увосень 2020 году ён сфатаграфаваўся зь бел-чырвона-белым сьцягам. Здымак быў апублікаваны са схаванымі тварамі, але міліцыянты здолелі высачыць удзельнікаў акцыі па камэрах відэаназіраньня з вуліц гораду.

«Сяргей дальнабойнік, — расказаў Свабодзе яшчэ адзін суразмоўца. — Езьдзіў паўсюль. І ў Расеі быў, і ў Францыі. Па Эўропе шмат езьдзіў, нармальна зарабляў. У яго на канец лютага быў заплянаваны рэйс ва Ўкраіну, а пасьля 24 лютага закрылі ўсе пераходы і ён ня змог паехаць, так атрымалася. Вайна пачалася. Вось і вырашыў неяк выказаць свой пратэст супраць вайны. У гэты час акурат пачаліся падпалы рэлейных шафаў на чыгунцы. Але ён да іх ня мае ніякага дачыненьня. Сам выйшаў і расклаў гэтае вогнішча на рэйках, больш нічога».

Як паведамілі Свабодзе знаёмыя Сяргея Глябко, першапачаткова яго абвінавачвалі ў хуліганстве, аднак пасьля артыкулы перакваліфікавалі на «акт тэрарызму» (ч.1 арт. 289 КК) і «наўмыснае псаваньне чыгуначных шляхоў з мэтаю зьдзяйсьненьня акту тэрарызму» (ч.4 арт.309 КК). Максымальнае пакараньне, якое прадугледжваюць гэтыя артыкулы, — 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG