«Адбылася нарада з удзелам кіраўніцтва Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі і кіраўніцтва праектнага інстытуту, выпрацаваныя падыходы да арганізацыі аднаўленьня даху. Спадзяемся, да канца ліпеня праектную дакумэнтацыю канчаткова дапрацуюць, у жніўні пачнецца аднаўленьне даху Будслаўскага касьцёлу», — адзначыў чыноўнік у эфіры тэлеканалу СТБ.
Ён удакладніў, што папярэдне прадпрыемства «Галоўдзяржбудэкспэртыза» разгледзела праект: ёсьць нязначныя заўвагі, якія падчас працы ўлічаць.
Пажар у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе здарыўся 11 траўня. У выніку цалкам зьнішчаны дах над цэнтральным нэфам. У той жа дзень у Беларусі адкрылі збор ахвяраваньняў на аднаўленьне касьцёлу. На гэты момант агульнымі намаганьнямі сабрана 900 тысяч рублёў.
Будслаўскі касьцёл — помнік позьняга барока ў Беларусі. Яго архітэктура прызнаная ўнікальнай, ня мае аналягаў на землях ўсёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Маці Божай Будслаўскай— адна з самых значных каталіцкіх сьвятыняў Беларусі, яе шануюць як абаронцу і захавальніцу ўсіх беларускіх каталікоў.
Штогод праводзіцца ўрачыстасьць у гонар Абраза Маці Божай Будслаўскай. У 2018-м UNESCO ўключыла Будслаўскі фэст у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Сёлета набажэнствы адбываліся на адкрытай прасторы.