Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў. Гэта рэкорд для канкурэнтаў Лукашэнкі за ўвесь час


Штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыкі паведаміў 19 чэрвеня, што за вылучэньне Бабарыкі сабралі, праверылі і падрыхтавалі да перадачы ў выбарчыя камісіі 434 985 подпісаў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

19 чэрвеня — апошні дзень, калі подпісы можна зьбіраць і падаваць у выбарчыя камісіі. Для рэгістрацыі кандыдата трэба сабраць мінімум 100 тысяч подпісаў, а штаб Бабарыкі паведамляе, што на 19 чэрвеня ў выбаркамы перадалі ўжо 283 тысячы.

Штаб заяўляе, што гэта рэкордная колькасьць подпісаў, сабраных за альтэрнатыўных кандыдатаў за ўсю гісторыю Рэспублікі Беларусь. Зянон Пазьняк у 1994 годзе сабраў 217 тысяч, Аляксандар Мілінкевіч у 2006-м — 198 тысяч, Сямён Домаш у 2001-м — 164 тысячы. Бабарыка меў таксама рэкордна вялікую для альтэрнатыўнага кандыдата ініцыятыўную групу — да яе далучыліся 9183 чалавекі.

У ініцыятыўнай групе Аляксандра Лукашэнкі, як сьцьвярджаецца, «звыш 11 тысяч чалавек», і за яго нібыта сабралі ўжо звыш 1,5 млн подпісаў.

«Сёньня, нягледзячы ні на што, мы будзем працягваць падаваць подпісы ў выбарчыя камісіі, — піша штаб Бабарыкі. — Частку подпісаў, на жаль, мы ня зможам падаць праз учорашнія падзеі».

Подпісы пераправяралі звыш 200 валянтэраў, якія працавалі апошнімі днямі «ў 5 зьменаў, фактычна кругласуткава», дадае штаб.

«Беражыце сябе, але нічога ня бойцеся, — дадаюць у штабе. — Мы разам. Нас шмат. І мы адчуваем плячо адзін аднаго».

Пікеты па зборы подпісаў за Бабарыку, як і ягоны штаб, працягваюць працу 19 чэрвеня. Адвакаты Віктара і Эдуарда Бабарыкі чакаюць, што іх сёньня дапусьцяць да затрыманых. Штаб Бабарыкі анансаваў відэазварот а 19-й гадзіне 19 чэрвеня.

Што з Бабарыкам

18 чэрвеня патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард перасталі выходзіць на сувязь. Днём раней быў арыштаваны выбарчы фонд Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі. Ад штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты стала вядома, што іх трымаюць у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў і дапытваюць, адвакатаў да іх не пусьцілі. У дамах сям’і Бабарыкаў праходзяць ператрусы.

Пазьней старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў, што патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыку затрымалі за спробу ўплыву на сьведак і хаваньне доказаў злачынства.

Віктар Бабарыка і яго сын, кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Адвакаты не змаглі да іх трапіць ні ў ДФР, ні ў СІЗА, і падалі скаргу ў Генэральную пракуратуру.

Вечарам 18 чэрвеня ў Менску людзі пашыхтаваліся ў вялікі «ланцуг салідарнасьці» з Бабарыкам і іншымі ахвярамі перасьледу.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG