Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўныя тэлеканалы паказалі апэратыўныя здымкі допытаў былых топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку»


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Паводле сюжэтаў у вечаровых праграмах на дзяржаўных тэлеканалах, сьледзтва ў «справе „Белгазпрамбанку“» зьбірае інфармацыю з розных крыніцаў, у тым ліку і з дапамогай замежных калег з 18 краінаў, а затрыманыя 20 чалавек супрацоўнічаюць і даюць прызнальныя паказаньні.

18 чэрвеня Віктара Бабарыку затрымалі разам з сынам Эдуардам пасьля допыту ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў. Вядома, што апошняга абвінавачваюць паводле артыкула «ўхіленьне ад выплаты падаткаў».

«Бабарыку затрымалі праз тое, што ён быў непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў у эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль.​

У сюжэтах вечаровых праграмаў на дзяржаўных тэлеканалах паказалі допыт былога першага намесьніка старшыні «Белгазпрамбанку» Аляксея Задойкі. На апэратыўных здымках сьледчы пытаецца ў яго: «Ад каго пачулі, што долі пераразьмеркаваліся і там асноўным стаў Бабарыка?»

Паказваюць кадры допыту іншага намесьніка старшыні праўленьня — Аляксандра Ільясюка, які таксама тлумачыць, якая роля адводзілася кожнаму з удзельнікаў «шэрых схемаў».

Кантэкст выказваньняў мала зразумелы. Паказваюць апэратыўную здымку з грашыма, дакумэнтамі, якія мусяць сьведчыць пра «хітрыя схемы з вэксалямі» і «адмываньне грошай у афшорах». Падкрэсьліваецца, што ўпершыню «Белгазпрамбанк» трапіў у поле зроку праваахоўных органаў у 2016 годзе, першыя доказы сталі паступаць у 2019 годзе. «І вось цяпер пазл склаўся», — сказаў аўтар сюжэту на тэлеканале СТВ.

Значную частку сюжэту прысьвяцілі латвійскім кампаніям і банку АBLV, да якога «ўжо шмат гадоў прыкаваная ўвага паліцыі цэлага шэрагу краін». Працытавалі пракуратуру Латвіі: «Арганізаваная група асобаў зь некалькіх дзяржаваў займалася легалізацыяй злачынна здабытых сродкаў».

КДК сьцьвярджае, што ў інтарэсах банку АBLV супрацоўнікі «Белгазпрамбанку» вывелі зь Беларусі звыш 430 мільёнаў даляраў.

Паводле АНТ, сувязным паміж Беларусьсю і Латвіяй быў акцыянэр латвійскай кампаніі ALDI Projects Дзьмітры Шаўчук, які раней працаваў у юрыдычным аддзеле «Белгазпрамбанку».

З словаў старшыні КДК Івана Тэртэля, менавіта Шаўчук быў «асобай, якая выконвала даручэньні Бабарыкі, — адкрываў юрыдычныя асобы ў афшорах і суправаджаў іх дзейнасьць».

Узгадалі і Віргінскія астравы, дзе нібыта ў 2007 годзе зарэгістравалі кампанію, заснавальніцай якой значыцца Сьвятлана Купрэева, сяброўка сям’і Бабарыкі, якая знаходзіцца цяпер у СІЗА КДБ. Называюць і Кіпр, афшорную кампанію, якую заснавалі Бабарыка, Задойка і Дабралёт — «усе яны затрыманыя».

«Калі на першых этапах грамадзкасьць толькі-толькі пачала ўваходзіць у дэталі гэтай справы і ў мэдыяполі можна было назіраць упартыя спробы надаць гэтаму працэсу гучнае палітычнае гучаньне — то новыя факты, якія адкрыліся, разьбіваюць усе кансьпіралягічныя тэорыі. Відавочна, мы сталі сьведкамі вялікай фінансавай афэры, якую пры такой міжнароднай увазе і яўных доказах былым банкірам ужо пэўна ня ўдасца схаваць», — робіць выснову аўтар сюжэту на АНТ.

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы, перасталі выходзіць на сувязь раніцай 18 чэрвеня. Пазьней ад штабу Бабарыкі стала вядома, што бацьку і сына трымаюць у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў. Адвакатаў да іх не пусьцілі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG