Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белгазпрамбанк» заблякаваў працу сэрвісу MolaMola. Як цяпер зьбіраць грошы


Эдуард Бабарыка, сузаснавальнік сэрвісу
Эдуард Бабарыка, сузаснавальнік сэрвісу

Краўдфандынгавая плятформа MolaMola.by вечарам 11 чэрвеня страціла магчымасьць прымаць плату. Кіраўнікі плятформы сьцьвярджаюць, што рашэньне заблякаваць апэрацыі прыняло кіраўніцтва банку.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Сузаснавальнік сэрвісу Антон Матолька прасіў зьвязацца зь ім банкі, гатовыя падтрымаць пляцоўку і «максымальна хутка інтэгравацца» зь ёй.

«Крок цалкам чаканы, — піша Матолька пра заблякаваньне працы MolaMola. — Дзіўна, але, мабыць, дзяржава баіцца нават такога прыкладу салідарнасьці беларусаў, калі за лічаныя гадзіны зьбіраюцца патрэбныя сумы для тых, каму трэба дапамога».

Свабода спадзяецца атрымаць камэнтар «Белгазпрамбанку» пасьля пачатку працоўнага дня.

Да чаго тут палітыка

Публічных камэнтароў пакуль не даваў другі сузаснавальнік сэрвісу — Эдуард Бабарыка, сын былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» і патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі.

Сэрвіс адключаны ў дзень, калі ў «Белгазпрамбанку» прайшлі ператрусы — пачалі крымінальную справу супраць шэрагу дзейных і былых супрацоўнікаў банку.

Віктар Бабарыка заяўляў, што хоць супраць яго «няма нічога», гэтая крымінальная справа — ціск на яго, «напрошваецца выснова, што дзеяньні сёньняшняга дня маюць замоўлены палітычны характар», а віна фігурантаў «палягае ў тым, што яны працавалі ў арганізацыі, якой кіраваў я, зьяўляюцца маімі сябрамі».

Падзеі не паўплываюць на фінансавую ўстойлівасьць банку, заявіла прэс-служба «Белгазпрамбанку».

Што рабіць цяпер

На MolaMola.by зьбіралі грошы на самыя розныя грамадзкія і культурныя праекты, ад высаджваньня дрэваў на старой менскай вуліцы і падтрыманьня маладога мастака да дзясяткаў кампаніяў у падтрымку беларускіх мэдыкаў падчас пандэміі каранавірусу, у тым ліку лідзкага фэльчара, звольненага пасьля сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Актыўны карыстальнік плятформы і адзін з ініцыятараў кампаніі падтрымкі мэдыкаў #ByCovid19 Андрэй Стрыжак піша, што «разумее, зь якіх вышыняў маглі папрасіць» банк спыніць супрацу з сэрвісам. Але сайт працягвае працаваць — не працуе толькі прыём грошай. Стрыжак прапануе не спыняць зборы грошай на дапамогу:

  • у апісаньні кампаніяў збору грошай дадаць рэквізыты картак і нумароў дамоваў зьбіральнікаў грошай, нумары тэлефонаў, адрасы для паштовых пераводаў і іншыя спосабы зьвязацца для перадачы грошай;
  • дадаць у кампаніях навіну пра гэта для тых, хто раней ахвяраваў грошы.

На думку Стрыжака, выйсьце знойдзецца, бо «пляцоўка стала вельмі важным інструмэнтам для чалавечай салідарнасьці беларусаў».

Тым часам працягваюць працу часопіс «Имена», які зьбірае грошы на працяглыя дабрачынныя праекты, а таксама беларускія краўдфандынгавыя плятформы Talaka і Ulej.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG