13 траўня споўнілася 115 гадоў з дня нараджэньня Стэфаніі Станюты, народнай артысткі СССР, легенды Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, дзе яна выканала амаль 300 роляў.
Унучка паненкі
«Шляхетнасьць і выкшталцонасьць. Усё ж гэта была ўнучка паненкі, Стэфаніі Аляксандраўны Юшкевіч-Дулевіч, хоць яе маці Хрысьціна Іванаўна і саромелася свайго простага паходжаньня. Нездарма кажа прыказка: панскую кроў мужыцкая ня змые», — адзначае захавальнік сямейных традыцый, унук артысткі Дзьмітры Станюта.
Дачка вядомага беларускага мастака Міхаіла Станюты нарадзілася ў Менску. Творчую кар’еру пачала ў 13 гадоў — працавала статысткай у аднаго з заснавальнікаў прафэсійнага тэатру Фларыяна Ждановіча. Неверагодна, але агулам яна прысьвяціла сцэне 80 гадоў!
У юнацтве і маладосьці Стэфанія выдатна ўжывалася ў вобраз сваіх гераінь: Тытаніі, Вэнэры, Агавы, Псыхеі. У сталым узросьце гледачы захапляліся яе ролямі Мод у спэктаклі «Гаральд і Мод»; графіні ў фільме «Гэтыя тры верныя карты»; Дар’і з глыбінкі, якая захоўвае традыцыі стагодзьдзяў, у фільме Шапіцькі і Клімава «Разьвітаньне» паводле твору Валянціна Распуціна «Разьвітаньне з Мацёрай».
Стэфанія Станюта скончыла ў 1926 годзе Беларускую драматычную студыю ў Маскве. Але сцэнічную дзейнасьць асвоіла шмат раней, у 1919-м. Спачатку ў Першым таварыстве беларускай драмы і камэдыі, якое ў 1920-м было трансфармавана ў Беларускі драматычны тэатар (БДТ-1). Затым працавала ў БДТ-2 у Віцебску. А ў пачатку 1930-х вярнулася ў Менск і да апошняга дня была адданая калектыву Купалаўскага.
«Думаю, такі шырокі творчы дыяпазон быў закладзены ў 1920-я настаўнікамі акторскага майстэрства ў Маскве: Смышляевым, які выкладаў „сынтэтычны тэатар“, Афоніным, Гіяцынтавай. Нібы губка ўбірала студэнтка-беларуска эстэтыку спэктакляў Таірава, Мэерхольда, Вахтангава, Станіслаўскага, Неміровіча-Данчанкі», — кажа Дзьмітры Станюта.
І не яе віна, працягвае ён, што найбольш запатрабаваным стаў тып сялянскай жанчыны, а пазьней, з узростам, яна вельмі ўдала ўвасабляла сабой тып старой сялянкі.
Незвычайная бабка
Баба Стэфа была незвычайнай бабуляй, як кожны любячы ўнук, перакананы Дзьмітры.
«Яе фантазія захапляла, у нас былі незвычайныя забавы. Каб я спаў удзень, расказвала мне сэрыялы пра малпачку, у нас працавала „атэлье“ пашыву адзеньня і выстава скарбаў на адкрытым паветры. Я запомніў нашы вандроўкі па Менску на аўтобусах і тралейбусах. Мы ня проста зьбіралі лісьце, жалуды, каштаны, шышкі, насеньне — усё гэта быў матэрыял, зь якога яна майстравала пацеркі, каралі, брошкі, мілыя фігуркі. Паказвала акторскія фокусы — „адняцьце“ вялікага пальца і перамены масак».
Гогаль-могаль ад Стэфаніі Станюты — выкшталцоны дэсэрт. А яшчэ ўнук з бабай калолі арэхі, смажылі арахіс. «Вавёрчына гняздо, а не кватэра», — жартуе Дзьмітры.
Баба Стэфа проста сыпала прымаўкамі, асабліва Дзьмітрыю запомніліся польскія. Акрамя таго, яна выпісвала часопіс Film на польскай мове.
«Здавалася зусім натуральным, што такая незвычайная бабуля недзе там, у дарослым жыцьці, іграе ў кіно і ў тэатры. Раптам у суседнім пакоі ці ў калідоры зусім іншым голасам яна пачынала прамаўляць свае тэксты і рэплікі нябачнай п’есы, і я разумеў — бабуля перанеслася ў нейкі паралельны сьвет», — кажа ён, адзначаючы, што баба ўмела бачыць прыгажосьць у малым.
Разважала ў стылі «хрысьціянскага будызму»: «Птушачка — істота Божая. І ўсё ў яе ёсьць: малюсенькае сэрца, жылкі, нырачкі, вочкі! Гэта ж цуд!»
«Легкадумнае жыцьцё»
Дапытлівасьць, жыцьцёвы аптымізм разам са шчырай наіўнасьцю нібыта скасоўвалі яе ўзрост. Мабыць, таму так арганічна ўпісалася ў ролю 78-гадовай гарэзьлівай дамы Мод («Гаральд і Мод»), якая «абнуліла» розьніцу з 18-гадовым Гаральдам, закаханым у яе.
Аляксандар Станюта, бацька Дзьмітрыя і сын Стэфаніі, успамінаў: «Гледачы прызвычаіліся, што Стэфанія Станюта — гэта боты, хустка, ватнік. Таму, калі мама пачала граць галоўную ролю ў спэктаклі „Гаральд і Мод“ — музыка, танец, Лёндан, шампанскае — шмат хто казаў: „Гэта не Станюта!“. Для яе ж гэты спэктакль быў як падарунак лёсу».
З усяго падслуханага іншымі Дзьмітрыю найбольш даспадобы фраза, якую баба Стэфа нібыта казала сваёй сяброўцы раніцай, гледзячыся ў люстэрка:
«Глядзі! Здаецца, вось тут была зморшчынка. Бач, разгладзілася!»
І пры гэтым самакрытычна жартавала:
«Я жывы дыназаўр: трэба на ўваходзе паставіць касу і паказваць мяне за грошы».
А ў апошнія гады жыцьця прасіла ўнука, каб той ня вельмі жартаваў на палітычныя тэмы, бо невядома, ці мінулі часы, калі за гэта саджалі.
Стэфаніі Міхайлаўне прыпісваюць вядомы выраз:
«Мне хапіла розуму легкадумна пражыць свае жыцьцё».
Ці магла яна такое сказаць? Вядома ж, пагаджаецца Дзьмітры Станюта. Што мела на ўвазе? Тое, што лёс даў ёй унікальную магчымасьць уцякаць ад цяжкасьцяў рэальнага жыцьця ў паралельную прастору — сьвет мастацтва. І цалкам рэалізоўваць сябе ў ім.
У гонар Стэфаніі Станюты назвалі вуліцу ў менскім элітным раёне, куды абмежаваны ўваход нават для яе сваякоў. Як пісала Свабода, спробы Зьмітра і ягонай дачкі, вядомай гімнасткі Меліціны Станюты, трапіць летась за шлягбаўм «прыватызаванай тэрыторыі» былі спыненыя аховай. Толькі пасьля грамадзкага розгаласу ім дазволілі паздымацца пад шыльдай з прозьвішчам славутай бабулі.