Кампанія А1 падтрымала ініцыятыву Фонду ААН у галіне народанасельніцтва і аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» зрабіць званкі на агульнанацыянальную гарачую лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту 8-801-100-8-801 бясплатнымі для сваіх абанэнтаў. Перамовы пра гэта вядуцца і зь іншымі беларускімі апэратарамі мабільнай сувязі MTC і life:).
Кіраўніца агульнанацыянальнай гарачай ліні для пацярпелых ад хатняга гвалту 8-801-100-8-801 Ганна Коршун у 5 тэзісах патлумачыла, чаму гэта важна, як гэта працуе, як можа паўплываць на колькасьць зваротаў на лінію ў часе пандэміі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Беларуская гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту працуе 8 гадоў з 8 раніцы да 8 вечара без выходных і сьвяточных дзён
Агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту 8-801-100-8-801, якая дзейнічае на базе абʼяднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы», працуе з 2012 году пры падтрымцы фонду ААН. Гэта ўнікальны сэрвіс, які спэцыялізуецца на псыхалягічнай, юрыдычнай і сацыяльнай дапамозе ўсім паўналетнім, пацярпелым ад хатняга гвалту на тэрыторыі Беларусі. Усе паслугі бясплатныя, ананімныя і канфідэнцыяльныя. Іх прапануюць 6 кваліфікаваных спэцыялістаў — 4 псыхолягі і 2 юрысты. Лінія працуе з 8 раніцы да 8 вечара без выходных і сьвяточных дзён, выключэньне адзін дзень на год — 1 студзеня, калі лінія не працуе.
Падобныя гарачыя лініі ў многіх краінах сьвету бясплатныя
Падобная лініі бясплатныя ва Ўкраіне, Малдове ды іншых краінах сьвету. У 2014 годзе ўсе мабільныя апэратары адкрылі доступ сваіх абанэнтаў да паслуг гарачай лініі. «Белтэлекам» ад самага пачатку зрабіў званкі са стацыянарнага тэлефона на гарачую лінію бясплатнымі. Званкі з мабільных апэратараў заставіліся платнымі. У 2016 годзе адбыўся прыкметны рост званкоў з мабільных тэлефонаў. Да 2020 году тэндэнцыя дасягнула піку. Цяпер 90% званкоў на гарачую лінію — з мабільных тэлефонаў. На працягу некалькі гадоў высоўвалася ініцыятыва зрабіць званкі бясплатнымі. Гэтыя перамовы цягнуліся некалькі гадоў. І цяпер першы апэратар сотавай сувязі А1 зрабіў гэта.
Тры прычыны, чаму званок з мабільнага на гарачую лінію павінен быць бясплатным
- Паводле статыстыкі, 94% званкоў на гарачую лінію — ад жанчын, якія цярпяць ад хатняга гвалту. Калі чалавек тэлефануе з мабільнага, ёсьць шэраг абмежаваньняў для паўнавартаснага кансультаваньня, бо званкі з мабільных лімітаваныя; як толькі канчаюцца грошы, званок спыняецца. Мы ніколі ня ведаем, на якім этапе кансультаваньня ён спыніцца. Званкі, зьвязаныя з хатнім гвалтам, як правіла, вельмі траўматычныя, маюць працяглы характар.
- Званіць па мабільным тэлефоне лепш, чым па стацыянарнай лініі, бо пацярпелая павінна знаходзіцца ў бясьпечным, зручным месцы, калі няма непажаданых сьведак ці слухачоў, калі няма побач агрэсара.
- Узровень дабрабыту абанэнтаў самы розны, і ня ўсе людзі маглі дазволіць сабе званок з мабільнага тэлефона. Гэта было абмежаваньнем, званок трэба было аплачваць, і таму ня ўсе маглі карыстацца паўнавартаснай працяглай кансультацыяй, як таго патрабавала сытуацыя.
Цяпер усе абмежаваньні зьнятыя. Мы спадзяёмся, што іншыя беларускія апэратары падтрымаюць гэту ініцыятыву.
Чаму не назіраецца павелічэньня званкоў пра хатні гвалт
Мы ня можам меркаваць аб маштабах хатняга гвалту ў краіне. Мы можам апэраваць толькі дадзенымі нашай гарачай лініі. Няма павелічэньня. У лютым і сакавіку мы атрымлівалі сярэднюю для гэтага пэрыяду колькасьць званкоў. Пакуль мы ня бачым тэндэнцыі. Важным фактарам зьяўляецца адсутнасьць афіцыйнага карантыну ў краіне. Людзі працягваць працаваць на дзяржаўных прадпрыемствах, заводах. Дзеці павінны ісьці ў школу. Краіна жыве жыве ў ранейшым тэмпе, і толькі часткі кампаній (ІТ-сфэра, міжнародныя кампаніі ды некаторыя іншыя дазволілі сваім супрацоўнікам працаваць дыстанцыйна). Мы мяркуем, што з пагаршэньнем эпідэміялягічнай сытуацыі найхутчэй людзі будуць проста вымушаныя заставацца дома з прычыны хваробы. Магчыма, мы атрымаем павелічэньне званкоў.
Чаму гэтая ініцыятыва цяпер такая актуальная
У пэрыяд пандэміі і самаізаляцыі праблема хатняга гвалту абвастраецца. Жанчыны і дзеці вымушаныя праводзіць з агрэсарамі нашмат больш часу, чым раней, ім няма куды ісьці і няма дзе хавацца.
Калі вы сутыкнуліся з праявамі фізычнага, псыхалягічнага, сэксуальнага альбо эканамічнага гвалту ў сямʼі, цяпер можна бясплатна тэлефанаваць па тэлефоне агульнанацыянальнай гарачай лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту 8-801-100-8-801 не толькі з гарадзкога нумару, але і зь любога абанэнцкага нумару А1. Такім чынам, у тых, хто апынуўся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі, зьявіцца больш магчымасьцяў атрымаць своечасовую дапамогу — сацыяльную, псыхалягічную і юрыдычную.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ