Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя Швэцыі наведала ў Менску офіс гарачай лініі для пацярпелых ад хатняга гвалту


Міністарка замежных справаў Швэцыі Ан Ліндэ, прадстаўнікі дэлегацыі МЗС Швэцыі, а таксама амбасадарка Швэцыі ў Беларусі Крыстына Юганэсан​ наведалі ў Менску офіс, дзе працуе агульнанацыянальная гарачая лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту.

Пра гэта паведаміла ў сацыяльных сетках няўрадавае грамадзкае аб’яднаньне «Гендэрныя пэрспэктывы». Сустрэча адбылася 25 лістапада, у Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын.

Падчас сустрэчы швэдзкая дэлегацыя выказала падтрымку барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын у Беларусі і пагаварыла з прадстаўнікамі аб’яднаньня пра неабходнасьць прыняць комплексны закон аб процідзеяньні хатняму гвалту, пра сыстэму дапамогі пацярпелым, а таксама супрацоўніцтва дзяржавы і арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў гэтай галіне.

У канцы 2018 году Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі апублікавала на сваім сайце канцэпцыю закону «Аб папярэджаньні гвалту ў сям’і» і накіравала яе на разгляд у Савет міністраў. Пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка выказаўся рэзка супраць законапраекту, сказаўшы, што «ўсё гэта дурасьць, узятая перш за ўсё з Захаду», і што хоць ён і не прыхільнік таго, каб караць дзяцей, але «часам гэтага не пазьбегнуць», і нават расказаў, як біў сваіх дзяцей.

Да Лукашэнкі супраць законапраекту выступалі беларускія і расейскія «прасямейныя сілы», а таксама тыя, хто засьцерагаў, што ў Беларусі такі закон можа прывесьці да неабгрунтавана жорсткіх пакараньняў і паўтарэньня сытуацыі з антынаркатычным заканадаўствам. У выніку пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі законапраект адхілілі.

У бліжэйшай пэрспэктыве пра падрыхтоўку законапраекту аб процідзеяньні хатняму гвалту не ідзецца. У беларускім заканадаўстве зьявіліся паняцьці афіцыйнага папярэджаньня, прафіляктычнага ўліку, ахоўнага прадпісаньня сямейным скандалістам. Аднак калі муж і жонка ў разводзе, але жывуць у адной кватэры, то ў выпадку канфліктнай сытуацыі дзеяньне закону на іх не распаўсюджваецца.

Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?

У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.

Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».

У канцэпцыі таго законапраекту:

  • Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
  • Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
  • Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.

Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG