Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чвэрць беларускіх дзяцей зазнаюць фізычныя пакараньні, — дасьледаваньне


«Гвалтоўныя мэтады дысцыплінаваньня» зазнаюць 57% дзяцей па ўсёй краіне. Пра гэта піша Tut.by са спасылкай на дасьледаваньне хатніх гаспадарак Белстату.

Вынікі дасьледаваньня паказалі, што ў выхаваньні дзяцей бацькі выкарыстоўваюць фізычную сілу і псыхалягічны ціск.

Толькі 40% дзяцей выхоўваюцца негвалтоўнымі мэтадамі. У параўнаньні з папярэднімі гадамі гэта лічба павялічылася, пры гэты ўзровень гвалту ў выхаваньні застаецца высокім.

Толькі 9% матуляў лічаць, што для надзейнага выхаваньня мусіць выкарыстоўвацца фізычнае пакараньне.

Паводле Белстату, на практыцы чвэрць дзяцей ад 1 да 14 гадоў падвяргаюцца нейкаму віду фізычнага пакараньня.

«Гэта праблема патрабуе пільнай увагі з боку грамадзтва, бо такі гвалт можа мець глыбокія наступствы для фізычнага, душэўнага і нават рэпрадуктыўнага здароўя», — сказала начальнік Галоўнага ўпраўленьня статыстыкі ўзроўню жыцьця насельніцтва і абсьледаваньня хатніх гаспадарак Белстату Ірына Канашонак.

Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?

У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.

Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.

Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».

У канцэпцыі таго законапраекту:

  • Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
  • Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
  • Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.

Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG