Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каралева Брытаніі ўпершыню выступіла з пасланьнем на Вялікдзень: «Каранавірус нас не пераможа»


Каралева Вялікай Брытаніі Елізавета ІІ, архіўнае фота
Каралева Вялікай Брытаніі Елізавета ІІ, архіўнае фота

Упершыню ў гісторыі каралева Вялікай Брытаніі Елізавета II выступіла зь велікодным пасланьнем, піша BBC. У звароце да нацыі 11 красавіка яна зьвярнула ўвагу на сытуацыю з пандэміяй каранавірусу.

Каралева адзначыла, што для многіх Вялікдзень сёлета будзе не такім, як звычайна, але гэтая сьвята патрэбнае «як ніколі». Яна падкрэсьліла, што, «знаходзячыся на бясьпечнай дыстанцыі адзін ад аднаго, мы трымаем у бясьпецы іншых». Каранавірус, казала яна, не дазволіць адзначыць Вялікдзень разам, але няздольны адмяніць само сьвята.

Елізавета ІІ згадала традыцыю запальваць сьвечы на рэлігійныя сьвяты як знак перамогі сьвятла над цемрай. Традыцыя, казала яна, зразумелая любой культуры і апэлюе да людзей любой веры і бязь веры, яднае людзей.

«Хай жывое полымя надзеі на Вялікдзень будзе пастаянным правадніком у нашую будучыню», — сказала каралева брытанцам.

93-гадовая каралева запісвала аўдыёпасланьне ў адзіноце, з гукаінжынэрам у суседнім пакоі. Тыдзень таму яна зьвярталася да брытанцаў з тэлевізійным пасланьнем у сувязі з каранавірусам.

Вялікая Брытанія цяпер на сёмым месцы ў сьвеце паводле колькасьці хворых на COVID-19 і на пятым у колькасьці памерлых: агулам там выявілі амаль 79 тысячаў выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, памерлі 9875 пацыентаў, у цяжкім стане застаюцца паўтары тысячы чалавек.

Заразіўся ў тым ліку прэм’ер-міністар Борыс Джонсан. Пэўны час ён працаваў з дому, але ўжо тыдзень ляжыць у шпіталі, ненадоўга трапляў у аддзяленьне інтэнсыўнай тэрапіі. Як піша Sky News, Джонсан пахваліў «узорную» дапамогу мэдыкаў, якім «абавязаны жыцьцём», і сказаў, што ня ведае, як ім дзякаваць. Каранавірус раней выявілі і ў сына каралевы — прынца Ўэльскага Чарльза.

Пры тым Брытанія, піша Reuters, выдаткавала ў нядзелю яшчэ 200 млн фунтаў (каля 248 млн даляраў) Сусьветнай арганізацыі здароўя і дабрачынным арганізацыям на барацьбу з каранавірусам ва ўразьлівых краінах і прадухіленьне «другой хвалі» эпідэміі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG