8-10 красавіка ў Беларусі з працоўным візытам знаходзілася місія Сусьветнай арганізацыі здароўя, якая вывучала сытуацыю з распаўсюдам каранавірусу ў краіне. Па выніках візыту кіраўнік місіі САЗ Патрык О’Конар і міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік выступілі на брыфінгу перад журналістамі. Пра што яны гаварылі — у падсумаваньні Свабоды.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
САЗ пра вайсковы парад у Менску
О’Конар: У выніку гэтай місіі нашы рэкамэндацыі — спыненьне масавых мерапрыемстваў і адмова ад масавага збору людзей. У першую чаргу трэба думаць пра гэта, бо мы ўступаем у даволі цяжкія часы з новай дынамікай росту выпадкаў заражэньня.
Пра ўвядзеньне карантыну
О’Конар: Што да ўвядзеньня карантыну, мы рэкамэндуем дадатковыя захады фізычнага дыстанцыяваньня. Гэта не абавязкова карантын ці камэнданцкая гадзіна. Трэба спыніць грамадзкія мерапрыемствы.
Адна з галінаў, дзе трэба больш намаганьняў, — гэта інфармаваньне ня толькі мэдыкаў, але і шырокай грамадзкасьці. Ёсьць розныя фарматы, але зьвесткі павінны быць зразумелыя і даступныя, а таксама празрыстыя. Гэта трэба, каб пры патрэбе ўвядзеньня нейкіх новых захадаў насельніцтва разумела, дзеля чаго гэта робіцца.
Ці будзе забарона масавых мерапрыемстваў і футбольнага чэмпіянату
Уладзімер Каранік: Большая частка масавых падзеяў перанесена на больш позьні тэрмін. Што да чэмпіянату Беларусі па футболе, не Міністэрства аховы здароўя прымае рашэньне. Мы з свайго боку прымаем захады дзеля бясьпечнага правядзеньня. У тых рэгіёнах, дзе эпідэмічная сытуацыя найбольш напружаная, гэтыя спаборніцтвы не праводзяць. Матч, які плянавалі ў Віцебску, перанесены ў іншыя рэгіёны. Ацэнкі рызыкі праводзяць экспэрты разам зь Міністэрствам спорту. Я думаю, што з улікам сытуацыі мы падамо свае рэкамэндацыі.
У Беларусі ўжо 301 выпадак заражэньня мэдыкаў COVID-19
Уладзімер Каранік: На сёньня ў Беларусі лябараторна пацьверджаны 301 выпадак заражэньня мэдычных работнікаў. На першым месцы Менск, на другім месцы Віцебская вобласьць, на трэцім — Менская. У астатніх рэгіёнах адзінкавыя выпадкі. Тэндэнцыя: найменш выпадкаў узьнікала сярод перапрафіляваных установаў, падрыхтаваных для аказаньня дапамогі інфікаваным пацыентам.
Большасьць інфікаваных мэдыкаў знаходзіцца ў здавальняльным стане. На раніцу 11 красавіка ніхто зь іх не знаходзіцца на апараце ШВЛ. У Віцебску праводзіцца службовае і эпідэміялягічнае расьсьледаваньне, каб высьветліць, што стала прычынай сьмерці мэдычнага работніка.
«Час рыхтавацца да найгоршых сцэнароў»
О’Конар: Мы бачылі рост колькасьці хворых удвая за тры дні. Бясьпека работнікаў мэдычных установаў ёсьць прыярытэтам. Наяўнасьць сродкаў засьцярогі таксама важная. Мы бачылі і дадатковыя магутнасьці мэдычных установаў. Аднак рэсурсы мэдыцыны ва ўсім сьвеце могуць быць зьнясіленыя.
Беларусь уваходзіць у новую фазу ўспышкі. Рэкамэндацыі ўсім краінам: комплексны падыход з прыцягненьнем грамадзкасьці. Фізычнае дыстанцыяваньне, ізаляцыя кантактаў — тое, што ўжо рабілася.
Дыстанцыяваньне — спыненьне масавых падзеяў, дыстанцыйнае навучаньне і канфэрэнцыі, памяншэньне перасоўваньня для групы рызыкі. Фізычнае дыстанцыяваньне — гэта не ізаляцыя. Людзі павінны разумець рызыкі.
Важна, каб уся супольнасьць дапамагала мэдыкам, таму патрэбная інфармацыя, абмежавальныя захады. Зараз час нарошчваць высілкі. Час рыхтавацца да найгоршых сцэнароў. Патрэбны ўдзел усёй грамадзкасьці.
Гэта забег на доўгую дыстанцыю, а ня спрынт. Трэба рыхтавацца да таго, што 12-18 месяцаў яшчэ трэба змагацца. Усе захады, якія робяцца ў Беларусі, уплываюць на Эўропу і на ўвесь сьвет. Вірус нас усіх аб’ядноўвае.
«Мы маем тыя ж праблемы, што і іншыя краіны»
Уладзімер Каранік: Праца экспэртаў САЗ была вельмі карэктная, прафэсійная. Мы маем тыя ж праблемы, што і іншыя краіны. У Беларусі былі захады для стрыманьня распаўсюду каранавірусу і зьмякчэньня наступстваў.
Працуе 13 лябараторыяў, будзем нарошчваць тэставаньне. Абмежавальныя захады ўзмоцненыя. Перапрафіляваны ложкавы фонд шпіталёў. Сёньня ёсьць больш за 7 тысяч ложкаў. Гэта менш за 10% ад усяго ложкавага фонду. Рэсурсы ёсьць. Усе абмежавальныя захады павінны ўключацца тады, калі гэта неабходна. Падыходы: максымальнае лябараторнае тэставаньне, дыстанцыйнае абмежаваньне, прымусовая ізаляцыя кантактаў першага ўзроўню, кантроль за найбольш уразьлівымі групамі насельніцтва. Мы ўлічым усе рэкамэндацыі САЗ.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ