Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі кангрэсмэн Коэн напісаў ліст беларускай палітзьняволенай Калесьнікавай: «Мы не забыліся на Вас»


Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота
Марыя Калесьнікава. Архіўнае фота

Ліст з Кангрэсу ЗША накіравалі беларускай палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай у калёнію нумар 4 у Гомель. Свабодзе стаў вядомы зьмест ліста, напісанага па-беларуску.

У ім чалец Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША дэмакрат Стыў Коэн запэўнівае Марыю Калесьнікаву, што яе сябры па ўсім сьвеце не забыліся на яе і іншых палітычных вязьняў Беларусі.

«Мы працягваем падтрымліваць Вас і ўсіх палітвязьняў у Беларусі, якія застаюцца несправядліва зьняволенымі за свае мірныя перакананьні, і працягваем дамагацца таго, каб забясьпечыць Вашу свабоду і свабоду Беларусі. Я разумею, што Вы церпіце ад пагаршэньня здароўя і нечалавечых умоваў, такіх як ізаляцыя і адсутнасьць сувязі з вонкавым сьветам, знаходзячыся ў закладніках».

Кангрэсмэн згадвае, што сустракаўся зь сястрой Калесьнікавай Тацянай Хоміч і тымі, хто падтрымлівае яе ў ЗША: «Домам Свабоды», «Міжнароднай Амністыяй» і Інстытутам МакКейна.

«Зь нецярпеньнем чакаю таго дня, калі Вы зможаце прыехаць у Вашынгтон і быць разам з усімі намі на свабодзе».

Кангрэсмэн Коэн таксама выказвае падтрымку ўсёй беларускай апазыцыі, якая, на ягоную думку, неабходная, каб нарадзілася свабодная і дэмакратычная Беларусь:

«Я ўхваляю Вашу мужнасьць, высілкі і адданасьць гэтай працы. Вы паказалі маштаб рэпрэсій у Беларусі, такім чынам дапамагаючы нашай працы ў Вашынгтоне і па ўсім сьвеце».

Стыў Коэн
Стыў Коэн

Кангрэсмэн Коэн нагадвае, як ягоны сябра расейскі апазыцыянэр Ўладзімір Кара-Мурза, якога нядаўна вызвалілі зь незаконнага зьняволеньня, казаў яму, што найгоршы страх палітзьняволенага — гэта быць забытым. І ён яшчэ раз запэўніў Марыю, што ў сьвеце не забыліся на яе, і выказаў перакананьне, што яна будзе вольнай.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Стыў Коэн быў сярод 4 аўтараў нядаўняга ліста дзяржаўнаму сакратару ЗША Марка Рубіё. У ім кангрэсмэны заклікалі ў перамовах ЗША з Лукашэнкам да асьцярожнасьці, каб які-хаця прагрэс у вызваленьні палітычных зьняволеных ня быў падарваны захаваньнем практыкі адвольных затрыманьняў.

Аўтары звароту заклікалі адміністрацыю «каардынаваць свае дзеяньні зь беларускім дэмакратычным лідэрам Сьвятланай Ціханоўскай і беларускім дэмакратычным рухам, у тым ліку ў рамках Стратэгічнага дыялёгу паміж Злучанымі Штатамі і дэмакратычнымі сіламі Беларусі».

Сябры Кангрэсу ЗША таксама абнародавалі сьпіс палітзьняволеных, вызваленьню якіх, на іх думку, трэба надаць прыярытэтную ўвагу на будучых перамовах.

Сярод іншых кангрэсмэны згадваюць Марыю Калесьнікаву, а таксама зьняволенага ўдзельніка выбараў 2020 году Віктара Бабарыку, Алеся Бяляцкага, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру і старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна», праваабаронцаў Марфу Рабкову, Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча, Насту Лойку, журналіста Дзяніса Івашына і Кацярыну Андрэеву, якія знаходзяцца ў турме за напісаньне артыкулаў з крытыкай ураду.

  • 9 лістапада прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што намінаваў 78-гадовага Джона Коўла на пасаду спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША па Беларусі.
  • У 2025 годзе Коўл удзельнічаў у вызваленьні (з далейшым вывазам у Літву) дзьвюх групаў беларускіх палітвязьняў, а таксама замежных грамадзян без гэтага статусу: 21 чэрвеня — 14 чалавек, 11 верасьня — 51 чалавека.
  • 14 кастрычніка на нарадзе ў пытаньнях «глябальнай міжнароднай абстаноўкі і разьвіцьця беларуска-амэрыканскіх адносінаў» Лукашэнка заявіў аб гатоўнасьці да «вялікай угоды» з ЗША.
  • 11 верасьня і 4 лістапада ЗША ў два этапы зьнялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія», у тым ліку з трох самалётаў, якія могуць мець дачыненьне да Лукашэнкі і кампаніі «Славкалий», якая раней актыўна працавала на тэрыторыі Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG