Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус: Чэскі экспэрт перасьцерагае ад хуткага вяртаньня да «нармальнага жыцьця»


Чэскія артысты з групы Cirk La Putyka забаўляць жыхароў Прагі , 9 красавіка 2020
Чэскія артысты з групы Cirk La Putyka забаўляць жыхароў Прагі , 9 красавіка 2020

Чэскі біёляг і паразытоляг Яраслаў Флегр перасьцерагае чэскіх палітыкаў, што хуткае вяртаньне да «нармальнага жыцьця» пасьля таго, як колькасьць заражэньняў каранавірусам пачне паніжацца, можа каштаваць шмат чалавечых жыцьцяў, якія можна ўратаваць, захоўваючы цяперашнія абмежаваньні грамадзкага жыцьця і карантынныя правілы.

«Мы павінны быць надзвычай асьцярожнымі, што тычыцца таго, як хутка ўпусьціць вірус у нашу папуляцыю», — сказаў Флегр інтэрнэт-рэсурсу Aktualne.cz.

Адносячыся да меркаваньняў сярод некаторых чэскіх палітыкаў, што распаўсюд COVID-19 можа быць насамрэч спынены толькі пры дапамозе «натуральнай імунізацыі» (калі значная частка насельніцтва стане носьбітам каранавірусу і ў людзей створыцца натуральны імунітэт супраць інфэкцыі), Флегр адзначыў:

«Рана ці позна, вялікая частка насельніцтва будзе інфікаваная. З другога боку, чым пазьней гэта будзе, тым лепей. За той час могуць быць вынайдзеныя больш эфэктыўныя мэтады лекаваньня. Акрамя гэтага, вірулентнасьць будзе паніжацца, паколькі па меры таго, як павялічваецца працэнт рэзыстэнтных людзей у папуляцыі, вірус будзе пад штораз большым ціскам, каб, кажучы фігуральна, ашчаджаць жыцьці інфікаваных. Нават калі мы ня знойдзем лякарства ў агляднай будучыні, праз два месяцы тыя, якія заразяцца, будуць адчуваць сябе лепш, чым тыя, хто сутыкаецца з інфэкцыяй цяпер. Інакш кажучы: чым больш павольны распаўсюд каранавірусу, тым менш балюча будзе нам усім».

Флегр таксама аднёсься для плянаў ураду закончыць дыстанцыйнае навучаньне і вярнуць дзяцей у школы ў другой палове траўня:

«Я лічу гэта поўным глупствам. Здаровым дзецям, як здаецца, вірус ня робіць моцнай шкоды, але яны могуць прынесьці яго дадому. Заразяць бацькоў і дзядоў. Я магу ўявіць, што мы адкрыем школы толькі пасьля таго, як даведаемся рэальную колькасьць заражаных людзей, у тым ліку тых, якія ня трапілі ў шпіталь і якіх мы ня маем у статыстыцы. Калі лічбы будуць выглядаць добра, тады можна разгледзець паслабленьне абмежавальных захадаў у асобных раёнах».

У сярэдзіне сакавіка Чэхія закрылася на карантын, закрыўшы межы і ўвёўшы абмежаваньні на вольнае перамяшчэньне грамадзянаў па тэрыторыі краіны. Закрыліся школы. У грамадзкі транспарт было забаронена заходзіць бяз маскі або шаліка ці хусткі, якія закрываюць нос і рот. Былі таксама закрытыя ўсе рэстараны і крамы за выключэньнем прадуктовых, аптэкаў і крамаў на аўтазапраўках.

Пад канец сакавіка ўрад крыху зьмякчыў карантынны рэжым, дазволіўшы адкрыцца гатэлям, пансіянатам і некаторым прадпрыемствам сфэры паслуг.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG