Як паведамілі на сайце БДУ, Аляксандар Лукашэнка даручыў адкрыць такую ўстанову ў 2024 годзе на Рэспубліканскай пэдагагічнай нарадзе.
«Навучаньне стартуе ў наступным навучальным годзе. Яно арыентавана не на масавую, а элітарную падрыхтоўку таленавітай моладзі: пераможцаў алімпіядаў, выпускнікоў Ліцэю БДУ і нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку. Для іх залічэньне адбудзецца ў выніку ўнутранага сумоўя. Іншыя, апроч гэтага этапу, будуць таксама здаваць унутраны іспыт», — сказана ў паведамленьні.
Рыхтаваць студэнтаў будуць у пяці экспэрымэнтальных праграмах: інтэлектуальныя радыёфізычныя сыстэмы й тэхналёгіі; прыкладная фізыка й інфарматыка; прыкладная матэматыка, мэханіка й інфарматыка; фундамэнтальная й стасаваная хімія; фундамэнтальная геаграфія.
Праграма прадугледжвае пяцігадовую адукацыю. На першых трох курсах студэнты будуць паглыблена вывучаць фундамэнтальныя і прыродазнаўчыя навукі. На 4–5 курсах прадугледжана рэгулярная практыка ў базавых арганізацыях: студэнты будуць актыўна ўключацца ў вытворчы працэс, наведваць прадпрыемствы і навуковыя цэнтры, праходзіць стажы ў найбольшых профільных арганізацыях у Беларусі і за мяжой.
Адзін дзень на тыдзень будзе прысьвечаны навуковым дасьледаваньням. Апроч таго, прыблізна 50% заняткаў будуць прадугледжваць індывідуальны падыход да кожнага студэнта. Выкладчыкамі ў школе будуць экспэрты і навукоўцы вядучых навукова-адукацыйных установаў Беларусі. Асобныя дысцыпліны будуць выкладаць па-ангельску запрошаныя замежныя спэцыялісты.
Форум