Ўладзіслаў Кандратовіч патлумачыў Свабодзе, як ён вывучыў беларускую мову, не хадзіўшы ў беларускую школу.
«Я думаю, што ўсе людзі, якія зьяўляюцца нашчадкамі Вялікага Княства Літоўскага, маюць тры мовы, якія генэтычна ідуць ад сэрца. Гэта беларуская, літоўская і польская, якія выкарыстоўваліся на гэтай тэрыторыі. Я нарадзіўся ў Літве. Сам я літоўскі паляк, і мае продкі былі зь Літвы, а адна галіна была з Лынтупаў, гэта ў Беларусі сёньня.
Я нарадзіўся на вуліцы Беларусаў, якая такую ж назву носіць і цяпер, вуліца Baltarusių (Балтарусю), не Беларуская, а менавіта Беларусаў. Там было шмат прыехаўшых беларусаў з Наваградчыны, Ашмяншчыны, якія пасьля вайны шукалі лепшага жыцьця і прыяжджалі ў Літву. Я слухаў іх мову, а размаўляць стаў толькі цяпер, з вамі. І ў дзяцінстве я ведаў такі часопіс „Вожык“, які прынёс мой сябра і сусед. І я ўбачыў у ім першыя словы на беларускай мове, яны былі прачытаныя мною з часопіса „Вожык“. Вельмі цікавы ён для мяне тады быў».
Уладзіслаў Кандратовіч перакананы, што трэба ведаць мовы ўсіх суседзяў. Кажа, што латыская мова яшчэ чакае яго.
«Але літоўская, беларуская, польская мова ў нашым краі, у гэтай мясцовасьці патрэбныя, каб не забыць гісторыю, якая нас зьвязвала і зьвязвае да гэтай пары, злучае нас у адзіную супольнасьць, якую для нашага пакаленьня, жыхароў цяперашняга часу, трэба трымаць, каб у будучыні і Беларусь, і Літва заставаліся суседзямі, якія жывуць дружна».
Уладзіслаў Кандратовіч нарадзіўся 25 лютага 1972 году. Скончыў факультэт мэнэджмэнту Віленскага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Гедзіміна. Да 2007 году займаўся бізнэсам. У 2007 годзе ўзначаліў аддзел інвэстыцыяў адміністрацыі Віленскага раённага самакіраваньня, адначасова ўступіў у партыю польскай меншасьці Выбарчая акцыя палякаў Літвы. На муніцыпальных выбарах 2011 года быў абраны ў раду Віленскага раённага самакіраваньня, але адмовіўся ад мандату, заняўшы замест гэтага пасаду намесьніка дырэктара раённай адміністрацыі. У 2013–2014 гадах — намесьнік міністра транспарту і сувязі Літвы, у 2023–2024 гадах кіраўнік Віленскай раённай адміністрацыі.
У сьнежні 2024 году заняў пасаду міністра ўнутраных справаў Літвы.
Форум