З прычыны вялікай колькасьці цяжкахворых COVID-19 італьянскія мэдыкі вымушаныя выбіраць, каго з пацыентаў падключаць да апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Чаму гэтыя апараты сталі адным з найбольш запатрабаваных тавараў падчас пандэміі? Тлумачыць Ганна Шаманская з Настоящего времени.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Па дадзеных САЗ, у 80% тых, хто заразіўся каранавірусам, назіраюцца лёгкія сымптомы, у 14% разьвіваюцца цяжкія. Стан 6% хворых — крытычны.
У некаторых выпадках COVID-19 паражае ніжнія дыхальныя шляхі, у прыватнасьці альвэолы. Гэта малюсенькія бурбалкі паветра ў лёгкіх, праз якія ў кроў паступае кісларод. Пры хваробе гэтыя бурбалкі запаўняюцца вадкасьцю, і кісларод, неабходны органам для нармальнага функцыянаваньня, ня можа да іх трапіць.
Тут у працу і ўступае апарат штучнай вэнтыляцыі. Ён ня лечыць хворага, а проста выконвае функцыю лёгкіх, даючы чалавеку час справіцца з хваробай і аднавіцца, перш чым ён зможа зноў дыхаць самастойна.
Пацыентам зь менш цяжкімі сымптомамі апранаюць кіслародныя маскі для твару або носа і нават шлемы, якія праштурхоўваюць паветра ў лёгкія.
Больш цяжкіх пацыентаў трэба падключаць да апаратаў ШВЛ. Пры дапамозе «вэнтылятара» яны праштурхоўваюць паветра зь неабходнай колькасьцю кіслароду ў лёгкія хворага. У апарата таксама ёсьць увільгатняльнік, які дадае або прыбірае цяпло і вільгаць з паветра, каб яго адпавядала стану цела чалавека. Для працы з апаратам патрэбны кваліфікаваны пэрсанал. Каб падключыць пацыента да машыны, яму ў горла праз галасавыя зьвязкі ўстаўляецца дыхальная трубка. Хвораму таксама даюць мэдыкамэнты для паслабленьня дыхальных цягліц, а часам пацыента даводзіцца нават паралізоўваць.
У звычайны час да апаратаў ШВЛ падключаюць пацыентаў з траўмамі галаўнога мозгу або інсультамі, напрыклад падчас апэрацый або калі хворыя знаходзяцца ў коме. Нельга забываць, што і падчас пандэміі каранавірусу апараты ШВЛ усё яшчэ патрэбныя і іншым пацыентам.
Таму нядзіўна, што ўлады па ўсім сьвеце асьцерагаюцца недахопу «вэнтылятараў». Улады Вялікабрытаніі заявілі, што ў краіне ўсяго крыху больш за 8 тысяч апаратаў, а на піку хваробы іх можа спатрэбіцца 30 тысяч. У ЗША падлічылі, што ў той ці іншы момант 960 тысячам пацыентаў можа спатрэбіцца вэнтыляцыя лёгкіх, а апаратаў у краіне зараз каля 200 тысяч.
У тэорыі адзін апарат ШВЛ можа падтрымаць двух ці чатырох пацыентаў. У youtube нават ёсьць інструкцыі, як гэта рабіць. Але некаторыя мэдыкі сьцьвярджаюць, што наладзіць адзін «вэнтылятар» пад дваіх пацыентаў складана, а часам і небясьпечна.
Каб прадухіліць недахоп апаратаў ШВЛ, іх цяпер вырабляюць, напрыклад, аўтавытворцы. Брытанскія навукоўцы спрабуюць навучыцца раздрукоўваць часткі «вэнтылятара» на 3D-прынтары. На хакатоне ў Нямеччыне прыдумалі, як сабраць ШВЛ з падручных сродкаў, дэталяў, надрукаваных на 3D-друкарцы, і кампутарных праграм у адкрытым доступе.
Гэтыя высілкі вельмі важныя — немагчыма прадказаць дакладна, колькі людзей захварэюць на каранавірусную інфэкцыю і колькім зь іх спатрэбіцца апарат вэнтыляцыі лёгкіх. Недахоп жыцьцёва важнай мэдыцынскай тэхнікі — гэта чарговая прычына, па якой трымаць сацыяльную дыстанцыю так важна. Не хварэючы і ня заражаючы іншых, мы хоць крыху, але разгружаем мэдыцынскую сыстэму і даем лекарам магчымасьць належным чынам вылечыць тых, хто без прафэсійнай дапамогі можа ня выжыць.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ