Былы беларускі чыноўнік, а пазьней апазыцыянэр, сябра Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Анатоль Котаў дагэтуль ня знойдзены.
Пакуль пасланьнік Трампа Джон Коўл рыхтуецца да новага раўнду перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам, каб дамагчыся вызваленьня палітычных зьняволеных, жонка Котава Анастасія заявіла Reuters аб сваім спадзяваньні на тое, што часткаю пагадненьня можа стаць вызваленьне яе мужа.
45-гадовы Анатоль Котаў прыляцеў у Стамбул з Варшавы 21 жніўня. У наступныя гадзіны ён абмяняўся сэрыяй паведамленьняў у Telegram з сваёй жонкай Анастасіяй, якая была ў Польшчы, і паабяцаў паведаміць ёй, дзе будзе спыняцца. Ён так і не зрабіў гэтага. Затым ён перастаў ёй адказваць, піша агенцтва.
Пасьля тыдняў марных спробаў знайсьці Котава яго паплечнікі з асьцярогай кажуць, што ён мог трапіць у рукі КДБ Беларусі або ФСБ Расеі.
Жонка Котава заявіла, што калі ён сапраўды затрыманы ў Беларусі, то яна «мае вялікія надзеі на амэрыканскія перамовы з Лукашэнкам».
«І я вельмі хацела б, каб імя майго мужа было ўключана ў сьпісы на вызваленьне, на абмен», — сказала яна ў тэлефонным інтэрвію агенцтву. Яна папрасіла называць толькі яе імя.
Паводле Анастасіі, турэцкія ўлады паведамілі ёй, што Котаў па прыбыцьці ў Стамбул перасеў на іншы авіярэйс у чарнаморскі порт Трабзон і ў той жа вечар сеў на прыватную яхту, якая ішла ў Сочы на поўдні Расеі. Анастасія ня верыць, што ён паехаў бы туды добраахвотна, улічваючы яго статус у вышуку.
У адказ на запыт Reuters пракуратура Стамбулу не дала ніякіх камэнтароў. Пракуратура Трабзону заявіла, што ня мае запісу пра справу зь імем Котава. Паліцыя не адказала на просьбу аб камэнтары.
Памежная служба Расеі не адказала Reuters на пытаньне, ці ўяжджаў Котаў у гэтую краіну.
Улады Беларусі паведамілі маці Котава, што яго няма ў краіне, і нагадалі ёй пра яго завочнае асуджэньне на 12 гадоў пазбаўленьня волі . Міністэрства замежных справаў Беларусі не адказала Reuters на пытаньні аб яго зьнікненьні.
У сацыяльных сетках пралукашэнкаўскія дзеячы злараднічалі з нагоды гэтай справы, называючы Котава здраднікам і мяркуючы — бяз доказаў — што ён у турме.
Раней у гэтым месяцы Трамп заявіў, што Коўл працуе над вызваленьнем у Беларусі яшчэ 50 чалавек, якіх ён назваў закладнікамі. Дата новага раўнду перамоваў паміж Коўлам і Лукашэнкам пакуль не названая. Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША не адказаў на просьбу пракамэнтаваць справу Котава.
Жонка Котава, чакаючы навін, пакуль займаецца сваёй працай і даглядае двухгадовага сына.
Яна апісвае сытуацыю як «жахлівую». Ня маючы адказаў, Анастасія перабірае розныя змрочныя сцэнары:
«Магчыма, нейкі шантаж... Магчыма, помста. Магчыма, нейкая асабістая вэндэта».
Зьнікненьне Котава
Анатоль Котаў прыбыў у аэрапорт Стамбулу з Варшавы ў 13:49 21 жніўня і ў той жа дзень вылецеў у турэцкі горад Трабзон, дзе пакінуў краіну праз морскі памежны пераход у порце а 18:35, паведаміла турэцкае інфармацыйне агенцтва IHA.
Цягам дня ён быў на сувязі з роднымі і калегамі, а пасьля 22:30 турэцкага часу перастаў выходзіць на сувязь.
З Трабзону да Сочы каля 300 кілямэтраў.
Раней, паводле крыніцы DW у турэцкай паліцыі, стала вядома, што Анатоль Котаў 21 жніўня пакінуў порт Трабзону на прыватнай яхце і рушыў у расейскі порт Сочы. Гэта адбылося ў той самы дзень, калі ён прыляцеў у Турэччыну з Польшчы.