Свабода задала вядомым беларускім інтэлектуалам некалькі пытаньняў пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы пісьменьніка Віктара Марціновіча.
Сьцісла:
- Мы імкліва вяртаемся ў часы «караблёў дурняў»
- Найбольшыя дэмакраты выявіліся найбольшымі дыктатарамі, калі дайшло да пытаньня жыцьця або сьмерці
- Калі вам нецікава чытаць пра падзеньне фондавага рынку – проста трымайце ў галаве сытуацыю амэрыканцаў, што палююць за туалетнай паперай
- Ніякага «пасьля» ня будзе, будуць толькі новыя ступені «такога мы яшчэ ня бачылі»
- Сёньняшнія нашыя адносіны з Богам, сёньняшні наш абсалют асобы паходзяць з эпохі, народжанай пандэміяй чумы XIV стагодзьдзя
- Беларусы распачалі нешта неверагоднае, а менавіта – «народны карантын», яны нават ад вірусаў сыходзяць у партызанку
— Бі-Бі-Сі паведаміла пра жахлівую дылему, перад якой паўсталі дактары ў Італіі. Тамтэйшая мэдыцына не спраўляецца з патокам хворых. І дактары кажуць, што давядзецца рабіць суровы выбар — вырашаць, каго лячыць. Пры тым, што лячэньне па сутнасьці паліятыўнае, вылечыць ад каранавірусу сучасная мэдыцына ня можа нікога.
Адзін з варыянтаў — не лячыць старых хворых, сярод іх і так высокая сьмяротнасьць ад пандэміі. Маўляў, лепш дапамагаць тым, хто маладзейшы, хто мае шанцы на выжываньне. Нечалавечае рашэньне. Але іншае — лячыць тых, хто трапіў у шпіталь першым. Яно прынамсі нерацыянальнае. У выніку памрэ больш людзей. Таксама нечалавечае. Ці Яго Вялікасьць рынак мусіць вызначаць — хто здольны больш заплаціць, таго і лячыць. Што выбраць? Што азначае гуманнасьць у гэтай сытуацыі?
— Мы бачым, як перавызначаюцца межы гуманізму. Мы бачым, якімі рухомымі зрабіліся нават межы этыкі. Паняцьце «этыкі» ў нашы часы робіцца нечым іншым. Хто мог думаць, што хвароба можа ўспрымацца як правіна? А сёньня так і адбываецца. Тыдзень таму ў Вене я бачыў, як натоўп нападпітку атачыў чалавека з азіяцкай зьнешнасьцю і пачаў па-ангельску даводзіць яму, што ён — злачынца, бо ходзіць бяз маскі.
Мы імкліва вяртаемся ў часы «караблёў дурняў» — цяпер ня ўсе памятаюць, што дакладна азначае гэты выраз. А азначае ён тое, што некалі ў Эўропе людзей з псыхічнымі захворваньнямі «ізалявалі» пагрузкай на карабель і адпраўкай у фатальную вандроўку ў адкрыты акіян. Калі я чытаю пра бадзяньні круізных лайнэраў зь некалькімі хворымі, караблёў, якім адмаўляюць у швартоўцы адна за адной цывілізаваныя краіны, я прыгадваю гэтыя «караблі дурняў».
Выбар, які мусіць рабіць італьянскі доктар, вырашаючы каго адпраўляць на штучную вэнтыляцыю лёгкіх — толькі вяршыня айсбэргу. Бо ёсьць іншыя, яшчэ больш трагічныя выбары. Мэдык падчас эпідэміі — гэта наогул самая трагічная асоба, куды больш трагічная за палітыка. Вы ведаеце, напрыклад, як паміраюць хворыя на каранавірус? Я пачуў такое параўнаньне: «Яны як быццам тонуць». Ім не хапае паветра. І гэта цягнецца вельмі павольна. І яны разумеюць, што гэта — усё. І трэба разьвітвацца з блізкімі. А разьвітацца і не распаўсюдзіць вірус і на іх — немагчыма. То гэта час віртуальных сьмерцяў. Час, калі доктар робіцца яшчэ і духоўнікам, а ягоны мабільны тэлефон — сродкам апошняй споведзі і разьвітаньня. Вяртаючыся да пытаньня — я ня ведаю, які выбар правільны. І ніхто зь людзей ня мусіць ведаць. Бо не чалавек мусіць вырашаць каму жыць, каму — не. Мы не для гэтага зробленыя.
— Беларускія ўлады многія ганяць за тое, што яны не прымаюць рашучых, радыкальных, дыктатарскіх мераў супраць пандэміі. Многія папракаюць Лукашэнку — маўляў, дзейнічае, як савецкія ўлады пасьля Чарнобылю, абы не было панікі, ня трэба драматызаваць.
Але зь іншага боку, ён цяпер адстойвае прынцыпы, якія адстойваў заўсёды цывілізаваны сьвет — адкрытасьць, у тым ліку і адкрытасьць межаў, адсутнасьць жорсткай рэглямэнтацыі жыцьця. У гэтым няма пэўнага парадоксу? Можа ён і мае рацыю?
— У гэтым вялізарны парадокс. Найбольшыя дэмакраты выявіліся найбольшымі дыктатарамі, калі дайшло да пытаньня жыцьця або сьмерці. Але гэта таксама і самы сапраўдны тэст сыстэме. Бо менавіта ў стрэсавых сытуацыях пазнаецца, хто быў насамрэч моцны і стабільны, а хто — не.
Я ня ведаю, ці мае рацыю беларуская сыстэма аховы здароўя. Бо я ня доктар. Я ня ведаю 10 % таго, што ведаюць яны.
Што я бачу — зроблены выбар. За які ім давядзецца несьці адказнасьць. І калі раптам памылілася сыстэма і дзяржава, а не грамадзтва ў паніцы, адказнасьць будзе вельмі цяжкай. Нездарма ж цяпер гучаць параўнаньні з СССР і Чарнобылем. Бо калі яны раптам адкруцяць назад і вырашаць увесьці карантын, усё, што яны пачуюць з усіх бакоў (у тым ліку — з боку гісторыі) — позна.
— Ці не кідае каранавірус сьвет у новы таталітарызм? Прычым кідае ў яго не іншаземны захопнік — самі грамадзтвы, самі ўлады, у тым ліку і самых дэмакратычных краінаў, усталёўваюць такія абмежаваньні свабоды, якія ўласьцівыя хіба Паўночнай Карэі. Дзяржава — закрый, дзяржава — абмяжуй, дзяржава — забарані — сёньня гэта ня мара купкі экстрэмістаў, а запыт грамадзтва. Калі некалі пандэмія скончыцца, ці не застануцца ўсе гэтыя абмежаваньні?
— Тое, што пакуль ня ўсе ўсьведамляюць і пра што пераважна цяпер кажуць людзі мастацтва — тыя, хто спасьцігае сьвет інтуіцыяй і мастацкім прадбачаньнем: плянэта ўжо зьмянілася. Нічога ня будзе па-ранейшаму. Гэта 1348 год у Эўропе. І хай сабе навокал ня «чорная сьмерць», а ўсяго толькі чарговы гатунак грыпу, сама рэакцыя чалавецтва на гэтую пагрозу выйшла далёка за межы, якія былі прымальнымі раней. Калі вам нецікава чытаць пра падзеньне фондавага рынку ці пра тое, што робіцца з нафтай — проста трымайце ў галаве сытуацыю амэрыканцаў, што палююць за туалетнай паперай.
Краіны Эўропы ператварыліся ў нешта сярэдняе паміж вольнымі муніцыпаліямі з майго раману «Ноч» і фэадальнымі княствамі. Пры тым што ўсё цікавае — яшчэ наперадзе. А тое, што Італія прыгадала пра сутнасьць дзяржавы — ну, гэта натуральна. Ці пакіне яна дыктатарскія замашкі пасьля — малаверагодна. Бо ніякага «пасьля» ня будзе. Будуць толькі новыя ступені «такога мы яшчэ ня бачылі».
— Цяпер па ўсім сьвеце закрываюць межы. Закрываюць іх нават унутры Эўразьвязу, дзе яшчэ нядаўна іх не было, закрывае Расея нават ад «братоў-беларусаў». А аказваецца межы нікуды ня зьніклі, аказваецца, ёсьць свае, якіх трэба ратаваць, і суседзі, чужыя. Нацыянальнае і ў гэтым перамагае, пераважае?
— Вірус ня бачыць колеру пашпартоў. Новы фэадалізм — самы дзікунскі адказ на гэтыя пагрозы. Зачыняцца трэба было супольна і значна раней.
— Сучасныя сэкулярызаваныя людзі, і ня толькі ў Беларусі, абвінавачваюць, лаюць уладу за тое, што яна, на іх погляд, нешта ня так робіць падчас пандэміі. Але ці вінаватая яна? А можна тут нешта кардынальнае, істотнае зрабіць у прынцыпе? Вакцыны, леку ад каранавірусу няма. Вось Ангела Мэркель — лідэр свабоднага сьвету — кажа: у Нямеччыне захварэе 60-70 %. Можа тут дарэчна адно маліцца, а не абвінавачваць таго, хто такі самы бездапаможны, як і просты люд?
— Дакладна варта маліцца, толькі мне асабіста не зусім зразумела, якому Богу. Бо той Бог, на якога маліліся сярэднявечныя людзі падчас эпідэміі «чорнай сьмерці», выявіўся ці то не ўселітасьцівым, ці то не усеміласьцівым, ці то не ўсемагутным яшчэ ў 1348 годзе. Што, дарэчы, прывяло да Адраджэньня.
Гуманістычнымі здабыткамі якога мы карыстаемся дасюль. Вы наогул задумваліся над тым, што сёньняшнія нашыя адносіны з Богам, сёньняшні наш абсалют асобы паходзяць з эпохі, народжанай пандэміяй чумы XIV стагодзьдзя. Дык вось, па выніках турботнага часу, які паступова набліжаецца, выпрацуецца і новы погляд на Бога, і ўсе астатнія гуманізмы.
— Цікавая інфармацыя — «Ісламская дзяржава» абвясьціла, што прыпыняе тэрарыстычныя напады. Можа выклік каранавірусу жахлівай цаною зробіць усё ж сьвет больш чалавечным, спыніць войны, нагадае людзям, што ў іх адзін лёс на нашым шарыку?
— Ня думаю, што ў выпадку «Ісламскай дзяржавы» можна казаць пра гуманізм, прабачце.
— Некаторыя мяркуюць, што пандэмія праз пару месяцаў пойдзе на спад, што хутка знойдуць вакцыну. А калі не? Ці чакаюць нас войны ўсіх супраць усіх за мэдычную дапамогу, за апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, за маску, за рулон туалетнай паперы?
— Чытайце раман «Ноч». Таксама раман «Вонгозера» Яны Вагнэр, «Дарогу» Кормака Макарці. Там усё напісана.
— Якая роля СМІ і сацыяльных сетак у цяперашнім крызісе каронавірусу? Праўда ратуе людзей ці ўмацоўвае, разьдзімае паніку? А эсхаталягічныя фэйкі — ці ня тоне ў іх праўда?
— Асноўная праблема сучасных мэдыяў — у тым, што яны стварылі сытуацыю, у якой сярэднестатыстычны чалавек стаўся няздольным адрозьніць сапраўдную пагрозу ад панікі ці фэйку. Усё зьліплася ў адзіны камяк, у якім ёсьць сымулякры і няма сапраўднай сьмерці, здольнай спыніць сымбалічны абмен. Каранавірус вяртае нас да сьмерці. І вельмі хутка дасьць людзям, нават вельмі маладым, нават прызвычаеным да сьвету фэйкаў, здольнасьць пазнаваць пагрозы і адрозьніваць іх ад чарговага кліпу «Рамштайн».
— Які антрапалягічны досьвед вялікіх беларускіх катастрофаў ХХ стагодзьдзя — Другой усясьветнай і Чарнобылю — можа быць скарыстаны, будзе скарыстаны, якім ужо карыстаюцца беларусы ў крызісе каранавірусу? Тады выжывалі так — і цяпер будуць выжываць гэтак жа? А як?
— Так, беларусы ўжо паказалі, што добра вывучылі ўрокі XX стагодзьдзя. Бо яны распачалі нешта неверагоднае, а менавіта — «народны карантын». Гэтых людзей не заб’еш, яны нават ад вірусаў сыходзяць у партызанку. Будзем спадзявацца, тым пераможам.